NI: Расійская падлодка зноў зламалася
6- 16.10.2025, 14:36
- 13,704
Цяпер яна палюе на найбліжэйшага механіка.
Расійскі флот абверг паведамленні пра паломку сваёй падлодкі, аднак ваенныя блогеры сцвярджаюць, што субмарына B-261 «Наварасійск» была вымушаная ўсплыць з-за сур’ёзнай уцечкі паліва, піша The National Interest (пераклад — сайт Charter97.org).
На мінулым тыдні ў сацсетках з’явіліся чуткі пра магчымую аварыю дызель-электрычнай падлодкі праекта 636.3, калі яна знаходзілася каля берагоў Францыі. Расійскі Чарнаморскі флот заявіў, што інфармацыя пра няспраўнасць не адпавядае рэчаіснасці, а ўсплыццё было планавым.
Тым не менш заходнія СМІ паведамілі, што субмарыну пазней буксіравалі ў Паўночным моры. Генсек НАТА Марк Рютэ у жарт параўнаў сітуацыю з раманам Тома Кленсі «Паляванне на «Чырвоны Кастрычнік»», адзначыўшы, што цяпер гэта хутчэй «паляванне на найбліжэйшага механіка».
Расійская лодка і буксір знаходзіліся пад пастаянным наглядам НАТА. Французскі фрэгат суправаджаў падлодку каля ўзбярэжжа Брэтані, а брытанскія і нідэрландскія караблі сачылі за яе праходам праз Ла-Манш.
Канал «ВЧК-ОГПУ» ў Telegram паведаміў, што ў трюм субмарыны трапіла паліва, што стварыла рызыку выбуху. З-за недахопу запасных частак і недастатковай падрыхтоўкі экіпажа ліквідаваць аварыю не ўдалося, таму падлодка працягвае ісці на паверхні.
B-261 «Наварасійск», пабудаваная ў Санкт-Пецярбургу і ўведзеная ў склад Чарнаморскага флоту ў 2014 годзе, не з’яўлялася ў Чорным моры з пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Эксперты лічаць, што інцыдэнт можа сведчыць пра пагаршэнне тэхнічнага стану расійскага флоту і аслабленне ягонай прысутнасці ў Міжземным моры.