«Паўгода стукаемся ў зачыненыя дзверы»
3- 16.10.2025, 10:44
- 2,664
Вяскоўцы засталіся без крамы і без прадуктаў.
Журналісты BGmedia не раз пісалі пра цяжкую сітуацыю з гандлем на вёсцы: крамы зачыняюцца паўсюль, аўталаўкі не заўсёды ходзяць паводле графіка, а асартымент там бедны. Часам трапляюцца пратэрмінаваныя тавары.
«Калі мы зможам купіць прадукты?»
У вёсцы Нарач (Маладзечанскі раён) ужо паўгода няма нармальнай крамы. Жыхары скардзяцца, што не могуць купіць нават элементарных прадуктаў.
«Паўгода мы стукаемся ў зачыненыя дзверы!» — распавядае пенсіянерка ў TikTok. Паводле яе слоў, нармальную краму зачынілі яшчэ ў сакавіку. А ў ларку часта пуста: малака не купіш, бо зламаўся халадзільнік.
На Дзень маці дзеці прывезлі ёй сумку з прадуктамі: каўбасу, тварог, сыр, печыва. Жанчына паказвае іх на відэа і іранічна дадае: «Калі гэта ўсё скончыцца? Калі я і мае аднавяскоўцы зможам купіць прадукты ў вёсцы, а не будзем турбаваць сваіх дзяцей?»
«Халадзільнік зламаўся — малака няма»
У каментарыях — розныя меркаванні. «Халадзільнік зламаўся — малака няма, вось і ўвесь гандаль», — жартуюць карыстальнікі. «Скажыце, а каму працаваць? Моладзь за такі заробак працаваць не хоча. У гандлі засталіся толькі старажылы — да пенсіі і пасля», — тлумачыць адна жанчына.
Іншыя каментуюць больш жорстка: «Вёсцы Нарач засталося пяць–восем гадоў, і будзе чарговая вёска-прывід». «Калі РАЙПО разгоняць — тады будзе толк. У нас у вёсцы адкрылі прыватную краму — цэны як у горадзе, асартымент нармальны. Усё можна замовіць!»
«Мы стаміліся ад гэтага становішча»
Пра праблему ў Нарачы вядома даўно. Яшчэ ў сакавіку мясцовая жыхарка распавядала: «Мінулым годам вяскоўцы амаль тры месяцы жылі без крамы. Не ставала самага неабходнага. Потым у будынку пачаў гандляваць прыватнік — нарэшце з'явіліся прадукты. Напрыканцы мінулага года зачынілася прамтаварная крама. Не было магчымасці купіць ні сшыткаў, ні мыла, ні парашка, ні лямпачкі. І вось цяпер зноў закрылі прадуктовую краму. Гэта велізарная праблема! Мы вымушаныя наймаць таксі, каб ездзіць у горад па прадукты. Бо не ў кожнага ёсць машына. Мы проста стаміліся ад такога становішча».
Дырэктар крамы патлумачыла: «Крама адновіць працу, калі знойдуць новых прадаўцоў. Пакуль няма ахвотных ісці працаваць. У гандлёвы аб'ект патрэбныя надзейныя работнікі, якія будуць своечасова падаваць заяўкі на тавар. Любы пакупнік павінен мець магчымасць, прыйшоўшы ў краму, выбраць тое, што ён хоча. А наша задача — даць ім асартымент».
Але за паўгода ахвотных так і не знайшлося.
Пакуль улады рапартуюць пра клопат аб вёсцы, жыхары Нарачы «стукаюцца ў зачыненыя дзверы» і моляцца, каб хоць бы халадзільнік у ларку не ламаўся.