Як выглядае жыллё, якое прадае былы лукашэнкаўскі прэм’ер
14- 16.10.2025, 9:56
- 15,492
Трохузроўневы катэдж агульнай плошчай 757 квадратных метраў.
У мінскім мікрараёне Дразды выстаўляюць на продаж катэдж за 4,5 млн долараў, піша «Зеркало». Дом размешчаны на вуліцы Рэчнай, дзе абзавяліся жыллём топ-чыноўнікі і набліжаныя да ўлады людзі. Катэдж з аб’явы, відаць, пабудаваў былы прэм’ер-міністр Беларусі Генадзь Новіцкі.
Выстаўлены на продаж дом у Драздах у Мінску на вуліцы Рэчнай. Усе фота былі размешчаныя на сайце realt.by.

Што за дом прапануюць
На вуліцы Рэчнай у Драздах прадаюць трохузроўневы катэдж агульнай плошчай 757 квадратных метраў. Яго збудавалі ў 2015 годзе.

«Жылая частка — два аўтаномныя паверхі з 5 пакоямі, двума майстар-спальнямі, прасторнай кухняй, гардэробнымі і сучаснай гасцёўняй-сталовай-кухняй з панарамнымі вокнамі. Чатыры санвузлы: адзін VIP з ваннай, бідэ і душавой кабінай. Два — з ваннамі і бідэ. Адзін — з душавой кабінай», — указана ў аб’яве.

«Сучаснае жыллё з двума майстар-спальнямі, пяццю пакоямі, чатырма гардэробнымі, прасторнай кухняй, чатырма санвузламі і гасцёўняй-сталовай-кухняй з панарамнымі вокнамі. Шале 80 м², з тэрасай і камінам, — прапісана ў аб’яве. — Бізнес-прастора — з рэцэпцыяй, васьмю кабінетамі, зонай каля басейна і стаянкай на восем аўто».

Інтэр’еры аформленыя з выкарыстаннем італьянскіх і нямецкіх матэрыялаў.

«Плітка, шпалеры, кавровая плітка, крыштальныя люстры і сучаснае асвятленне ствараюць атмасферу ўтульнасці і рэспектабельнасці», — паведамляецца ў аб’яве.

«Ідэальны клімат круглы год. Усталявана 17 кандыцыянераў Mitsubishi Electric. За свежае паветра адказваюць 6 прыточна-выцяжных сістэм з рэкуперацыяй, вадзяным падагравам і гнуткай наладкай. Дадаткова ўсталяваныя 4 выцяжкі, у тым ліку адна з рэгуляваннем магутнасці», — дадаюць аўтары аб’явы.

Што датычыць забеспячэння бяспекі, то ўсталяваныя 16 камер відэаназірання, «сістэма Ajax з антыпратэчкай у бойлернай і зоне басейна».

Дом размешчаны на ўчастку ў 17 сотак.

Кошт жылля — 4,5 млн долараў, або 13 млн 348,3 тысячы рублёў.

Хто пабудаваў гэтую нерухомасць
Выстаўлены цяпер на продаж дом вонкава падобны на той, які ўзвёў, як пісала ў 2013 годзе «Наша Ніва», былы прэм’ер-міністр Беларусі Генадзь Новіцкі. Як адзначалася, для гэтага чыноўнік браў ільготны крэдыт.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага кадастравага агенцтва, пададзенай у тым жа 2013-м «Нашай Ніве», Новіцкі ўзяў грошы пад палову стаўкі рэфінансавання — на той час 5,5%. Паводле дамовы, вярнуць іх трэба было да 2018 года. Такія буйныя крэдыты не прадастаўлялі асобам перадпенсійнага ўзросту, але для Новіцкага зрабілі выключэнне.
Плошча дома, пра які ў прэсе расказвалі ў 2013-м, практычна ідэнтычная плошчы выстаўленага цяпер на продаж катэджа (амаль 550 «квадратаў» супраць 757).

А вось так выглядае выстаўлены цяпер на продаж дом.

Генадзь Новіцкі заняў пасаду прэм’ера ў кастрычніку 2001-га. Па адукацыі — інжынер-будаўнік, зрабіў кар’еру ў партыйных органах. Пры Лукашэнку быў міністрам архітэктуры, затым віцэ-прэм’ерам.
Прэм’ерам Новіцкі пабыў нядоўга. Прычынай адстаўкі стаў буйны скандал з «прыпіскамі» ў сельскай гаспадарцы: высветлілася, што аграрыям не выплацілі зарплату і не разлічыліся з імі за здадзеную прадукцыю. Лукашэнка пагражаў усім вінаватым страшнай карой — і 10 ліпеня 2003 года Новіцкага звольнілі з пасады прэм’ера.
Пазней Лукашэнка прызначыў аскандаленага чыноўніка старшынём Савета Рэспублікі. Пасля ён быў паніжаны да члена так званага савета рэспублікі.
Пасля сыходу з гэтай дзяржструктуры былы прэм’ер-міністр вёў непублічны лад жыцця. Ён рэдка выступаў у прэсе, не з’яўляўся на дыпламатычных прыёмах.
Як паведамлялася, прапановы пра працу ў яго былі, але Новіцкі свядома ў 65 гадоў пайшоў у адстаўку. Ён атрымліваў прэм’ерскую пенсію.
Як склаўся далейшы лёс Новіцкага, невядома.
Дарэчы, ужо будучы пенсіянерам, Новіцкі кінуў фразу: «Я наглядзеўся на ўсіх гэтых членаў Палітбюро, якіх ледзь не пад рукі выводзілі на трыбуну, і лічу, што з любых пасад трэба сыходзіць своечасова».