Беспілотнікі Узброеных сіл Украіны атакавалі Валгаградскую вобласць РФ
1- 16.10.2025, 9:12
- 3,922
На стратэгічным аб’екце ўзнік пажар.
У ноч на 16 кастрычніка беспілотнікі нанеслі масіраваную атаку па энергетычных аб’ектах у Валгаградскай вобласці РФ, якія забяспечваюць электраэнергіяй ваенныя і стратэгічныя прадпрыемствы. Пра гэта паведамілі расійскія Telegram-каналы, піша «Диалог.UA».
Паводле даных Telegram-каналаў, у Валгаградскай вобласці ўначы 16 кастрычніка прагрымелі некалькі выбухаў. У выніку траплення беспілотнікаў узнік пажар на стратэгічным аб’екце.
Губернатар Валгаградскай вобласці Андрэй Бачараў пацвердзіў, што ўначы 16 кастрычніка ўдарныя БПЛА атакавалі рэгіён. Ён заявіў, што ў выніку «падзення абломкаў БПЛА» на тэрыторыі падстанцыі ЛЭП «Балашоўская» ўзнік пажар. Рамонтныя службы аднаўляюць электразабеспячэнне. Бачараў сцвярджае, што атака беспілотнікаў нібыта паспяхова адбіта. Са свайго боку Мінабароны РФ заявіла, што сёння ўначы над расійскімі рэгіёнамі нібыта перахапілі або знішчылі 51 украінскі БПЛА.
На тэрыторыі Валгаградскай вобласці РФ знаходзіцца шмат ваенных і стратэгічных аб’ектаў, таму Узброеныя сілы Украіны рэгулярна наносяць па іх удары. Напрыклад, у ноч на 15 кастрычніка беспілотнікі атакавалі ў Валгаградзе нафтаперапрацоўчы завод, які забяспечвае палівам расійскую акупацыйную армію ва Украіне.
Ідзе гаворка пра НПЗ у Краснаармейскім раёне Валгаграда кампаніі «Лукойл». У выніку атакі на тэрыторыі завода ўзнік моцны пажар. Гэта прадпрыемства штогод перапрацоўвае больш за 15 млн тон нафты. Там вырабляюць бензін, дызель, авіяцыйнае паліва і іншыя віды гаручага.