7 снежня 2025, Нядзеля, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дональд Трамп: Індыя паабяцала спыніць купляць нафту ў Расіі

6
Дональд Трамп: Індыя паабяцала спыніць купляць нафту ў Расіі
Дональд Трамп і Нарэндра Модзі

Прэзідэнт ЗША хоча дамагчыся ад Кітая таго ж.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сераду, 15 кастрычніка, заявіў, што прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі паабяцаў яму спыніць закупкі расійскай нафты. Паводле слоў Трампа, гэта адбудзецца «праз кароткі прамежак часу».

«Я быў незадаволены тым, што Індыя купляе (расійскую. — Рэд.) нафту, і ён (Модзі. — Рэд.) сёння запэўніў мяне, што яны не будуць купляць нафту ў Расіі», — сказаў амерыканскі прэзідэнт журналістам у Белым доме.

Трамп назваў гэтае абяцанне «вялікім крокам». «Цяпер мы хочам дамагчыся, каб Кітай зрабіў тое самае», — цытуе яго словы агенцтва Reuters.

У красавіку 2025 года пастаўкі расійскай нафты ў Індыю, паводле ацэнак, выраслі да 2,15 млн барэляў у суткі — рэкорднага ўзроўню з мая 2023-га. Агенцтва Reuters тады адзначала, што РФ трэці год запар застаецца галоўным пастаўшчыком нафты ў Індыю, яе доля ў імпарце дасягнула 36%. Цэны на нафту з Расіі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне прывабныя для індыйскіх нафтаперапрацоўшчыкаў, піша «Нямецкая хваля».

14 ліпеня Трамп пагразіў увесці другасныя пошліны ў 100% супраць гандлёвых партнёраў РФ, калі на працягу бліжэйшых 50 дзён (да 2 верасня) не будзе дасягнута пагадненне аб міры ва Украіне. 29 ліпеня амерыканскі прэзідэнт скараціў гэты тэрмін да 10 дзён, а на наступны дзень увёў пошліны ў 25% супраць Індыі, у тым ліку за гандаль з РФ. «Індыя (...) з'яўляецца найбуйнейшым пакупніком энерганосьбітаў з Расіі разам з Кітаем, у той час як усе хочуць, каб Расія спыніла забойствы ва Украіне», — патлумачыў Трамп.

31 ліпеня стала вядома, што чатыры дзяржаўныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў Індыі прыпынілі закупку нафты ў РФ. На працягу тыдня кампаніі Indian Oil, Hindustan Petroleum, Bharat Petroleum і Mangalore Refinery Petrochemical, якія раней рэгулярна закупалі расійскую нафту, не цікавіліся яе купляй, паведаміла Reuters. Аднак напярэдадні індыйскія СМІ са спасылкай на ўрадавыя крыніцы паведамілі, што НПЗ у Індыі, у тым ліку дзяржаўныя IOC, BPCL і HPCL, працягваюць закупаць расійскую нафту.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках