Нідэрланды перадалі Украіне карабель Alkmaar
- 12.10.2025, 20:22
- 8,600
Да канца 2025 года краіна павінна перадаць яшчэ адзін.
Нідэрланды перадалі Украіне супрацьмінны карабель тыпу Alkmaar. Да канца 2025 года краіна павінна перадаць яшчэ адзін. Пра гэта паведаміў камандуючы Ваенна-марскіх сіл Узброеных Сіл Украіны Аляксей Неіжпапа у нядзелю, 12 кастрычніка.
«Нядаўна ад партнёраў мы атрымалі супрацьмінны карабель тыпу Alkmaar, да канца года чакаем перадачу яшчэ аднаго. Падрыхтоўка экіпажа ўжо працягваецца», — адзначыў Неіжпапа.
Ён паведаміў, што 12 кастрычніка сустрэўся з нідэрландскай дэлегацыяй на чале з міністрам абароны краіны Рубэнам Брэкелмансам і галоўнакамандуючым Узброеных Сіл Нідэрландаў генералам Онно Айхельсхаймам.
Неіжпапа адзначыў, што падчас сустрэчы яны абмеркавалі сітуацыю з бяспекай у Чорнаморскім рэгіёне і перспектывы далейшага супрацоўніцтва.
Камандуючы ВМС Узброеных Сіл Украіны таксама падзякаваў Нідэрландам за намаганні і супрацоўніцтва ў межах Кааліцыі марскіх магчымасцяў Украіны.