Украіна можа знішчыць Крымскі маст: генерал СБУ заінтрыгаваў сцэнарыем
9- 12.10.2025, 14:36
- 7,578
Забяспечыць поўную неўразлівасць расіянам так і не ўдалося.
Паводле слоў Віктара Ягуна, генерал-маёра запасу і былога намесніка кіраўніка СБУ (2014–2015 гг.), Крымскі маст ад самага пачатку быў для Расіі стратэгічным аб’ектам, у які былі ўкладзены значныя рэсурсы для яго абароны. Нягледзячы на гэта, забяспечыць поўную неўразлівасць збудавання расіянам так і не ўдалося.
У каментары для «Радыё Свабода» Ягун падкрэсліў, што Расія сканцэнтравала на абароне моста практычна ўсе даступныя сродкі, аднак нават маштабныя абарончыя меры не выключаюць магчымасці яго паражэння — асабліва калі аперацыя старанна падрыхтавана і адбываецца ва ўмовах строгай сакрэтнасці.
«Там ёсць і марскі кампанент, і супрацьпаветраны, і супрацьракетны. І былі разгорнутыя буйныя падраздзяленні. То-бок, маст, на іх думку, быў сапраўды абаронены», — распавёў ён.
Суразмоўца адзначыў, што паспяховы ўдар па мосце стаў магчымы дзякуючы крэатыўнаму падыходу ўкраінскіх спецслужбаў, і пры гэтым планаваннем займалася надзвычай вузкае кола людзей, што дапамагло захаваць аперацыю ў таямніцы.
На думку Ягуна, разбурэнне Крымскага моста магло б стварыць сур’ёзныя лагістычныя праблемы для расійскіх войскаў, фактычна парушыўшы транспартныя зносіны з Крымам. Ён выказаў меркаванне, што Расія наўрад ці здолее аператыўна вырашыць такую праблему, калі яна ўзнікне.
«Праблема не толькі ў тым, што маст можа перастаць функцыянаваць. У іх няма магчымасцяў, якія былі ў Украіны, няма парома, дэсантных караблёў, якія яны сцягнулі з усіх флотаў. Усё гэта ў комплексе — велізарная праблема для іх», — лічыць эксперт.