Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру 2025 прысвяціла яе народу Венесуэлы і Трампу
13- 10.10.2025, 22:29
- 7,034
Карына Мачада заявіла, што прысуджэнне прэміі было для яе нечаканым.
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру 2025, лідарка дэмакратычнага руху Венесуэлы Марыя Карына Мачада прысвяціла яе народу сваёй краіны і амерыканскаму прэзідэнту Дональду Трампу. Пра гэта яна напісала ў Х 10 кастрычніка.
«Я прысвячаю гэтую прэмію народу Венесуэлы, які пакутуе, і прэзідэнту Трампу за яго рашучую падтрымку нашай справы», — напісала венесуэльская апазіцыянерка.
Яна адзначыла, што сёння народ Венесуэлы «знаходзіцца на парозе перамогі» і, як ніколі раней, разлічвае на ЗША, Трампа, народы Лацінскай Амерыкі і дэмакратычныя краіны свету як «галоўных саюзнікаў у дасягненні свабоды і дэмакратыі».
У інтэрв'ю прадстаўнікам Нобелеўскага камітэта Карына Мачада сказала, што прысуджэнне прэміі было для яе нечаканым (аўдыёзапіс апублікаваны ў Х прэміі).
«Я ўсё яшчэ не магу ў гэта паверыць [...] Я толькі частка вялікага руху. Я ўдзячная і ганаруся не толькі гэтым прызнаннем, але і тым, што я з'яўляюся часткай таго, што адбываецца сёння ў Венесуэле», — падкрэсліла яна.