У Японіі развалілася кіроўная кааліцыя, якая дзейнічала 26 гадоў
1- 10.10.2025, 16:44
- 1,456
Партыя «Комэйто», якая ўваходзіла ў кіроўную кааліцыю, адмовілася ад супрацоўніцтва з партыяй ЛДП.
Японская правацэнтрысцкая партыя «Комэйто» ў пятніцу, 10 кастрычніка, пакінула кіроўную кааліцыю. Гэта адбылося праз тыдзень пасля таго, як другую партыю аб’яднання — кіроўную Ліберальна-дэмакратычную партыю краіны (ЛДП) — узначаліла 64-гадовая Санаэ Такаіці, якая падзяляе кансерватыўныя погляды, піша («Нямецкая хваля»).
Кааліцыя дзейнічала з 1999 года, паведамляе японскае агенцтва Kyodo. Такаіці назвала рашэнне «Комэйто» «вельмі засмучальным», бо партыі «працавалі разам апошнія 26 гадоў, нават калі не былі пры ўладзе».
Што стала прычынай распаду кааліцыі
На працягу тыдня бакі вялі перамовы, у цэнтры якіх было тры пытанні: погляд на гісторыю краіны, занепакоенасць «Комэйто» магчымай ізаляцыянісцкай палітыкай у дачыненні да замежнікаў, а таксама рэформа фінансавання палітыкаў. Па апошнім пункце скандал разгарэўся яшчэ напрыканцы 2023 года, калі высветлілася, што некаторыя фракцыі ЛДП прысвойвалі частку ахвяраванняў у партыйныя фонды.
З новай сілай канфлікт аднавіўся пасля таго, як Такаіці, ужо на чале ЛДП, прызначыла на адзін з ключавых пастоў у партыі Коіці Хагіуду — уплывовага палітыка, які ў снежні 2023 года на фоне скандалу з ахвяраваннямі быў вымушаны пакінуць пасаду старшыні Савета па палітычных даследаваннях.
Менавіта ў пытанні фінансавання ЛДП і «Комэйто» цяпер не здолелі прыйсці да згоды. Кіроўная партыя не толькі адмовілася перагледзець правілы фінансавання, але і не дала зразумелых тлумачэнняў адносна карупцыйнага скандалу, заявіў старшыня «Комэйто» Тэцуо Саіта.
Пасля распаду кааліцыі прызначэнне Такаіці прэм’ер-міністрам пад пытаннем
ЛДП бесперапынна знаходзіцца пры ўладзе ў Японіі амаль 70 гадоў. Таму прызначэнне на пасаду прэм’ер-міністра краіны — фармальная працэдура, бо яе атрымлівае прадстаўнік партыі. Планавалася, што Такаіці зацвердзяць на новай пасадзе 15 кастрычніка, аднак цяпер галасаванне, верагодна, перанясуць, піша Reuters.
Праблема ў тым, што ЛДП, хоць і лідзіруе сярод іншых партый па колькасці прадстаўнікоў у абедзвюх палатах парламента, з распадам кааліцыі страціла большасць. А Саіта ўжо сказаў, што яго партыя не будзе падтрымліваць зацвярджэнне Такаіці на пасаду прэм’ер-міністра.
Калі відавочнага фаварыта няма, кандыдатаў вылучаюць у тым ліку і апазіцыйныя партыі. Двое кандыдатаў, якія атрымліваюць найбольшую падтрымку, выходзяць у другі тур. Пры разыходжаннях паміж палатамі прыярытэт аддаецца палітыку, абранаму ніжняй палатай.
Саюз ЛДП і «Комэйто»
ЛДП і «Комэйто» былі ў кааліцыі і разам фармавалі ўрад у 1999–2009 гадах. Зноў да ўлады яны вярнуліся ў 2012-м і з таго часу працягвалі супрацоўніцтва. Увесь гэты час менавіта «Комэйто» дапамагала ЛДП набіраць неабходную колькасць мандатаў для прыняцця рашэнняў у абедзвюх палатах японскага парламента.
Але на дадзены момант большасці не было і ў кааліцыі: пасля ініцыяваных у кастрычніку 2024-га прэм’ер-міністрам і кіраўніком ЛДП Сігэру Ісібам датэрміновых выбараў аб’яднанне атрымала ў ніжняй палаце менш мандатаў, чым апазіцыя. А пасля выбараў у ліпені 2025-га большасць была страчана і ў верхняй палаце. На тле гэтага крызісу Ісіба ў верасні пайшоў у адстаўку.