18 лiстапада 2025, aўторак, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваны былы фаварыт Лукашэнкі Аляксандр Шакуцін

17
Арыштаваны былы фаварыт Лукашэнкі Аляксандр Шакуцін
Аляксандр Шакуцін
Фота: «Наша Ніва»

Дзе менавіта ён цяпер — невядома.

Як стала вядома «Нашай Ніве», Аляксандр Шакуцін — былы фаварыт Лукашэнкі, сябар юнацтва дыктатара і «бізнесмен удачы» пры ім жа, стаў фігурантам крымінальнай справы і быў затрыманы на пачатку тыдня.

«Аляксандра Васілевіча забралі і адвезлі ў СІЗА. Дзе Шакуцін цяпер, невядома. Але як мінімум з аўторка ён начуе не дома. Пакуль адзінае, што можна сказаць, — што справу вядзе Дэпартамент фінансавых расследаванняў: падаткі, вядзенне спраў на «Амкадоры», — паведаміў журналістам суразмоўца.

Журналісты дакладна не ведаюць ні артыкула, які інкрымінуецца Шакуціну, ні сутнасці абвінавачанняў.

Аднак беларуская практыка паказвае, што персанажы яго калібру найчасцей адразу апынаюцца ў СІЗА КДБ, а не праходзяць праз Акрэсціна і нейкія іншыя СІЗА.

Раней СМІ ўжо распавядалі, што траекторыя лёсу Шакуціна нагадвае сітуацыю з Юрыем Чыжом.

Дзякуючы сяброўству з Лукашэнкам яны мелі проста нерэальныя рынкавыя перавагі, такія як магчымасць масавых прыватызацый на банкаўскія грошы, льготныя крэдыты, спісанне даўгоў, перакрэдытаванне дзяржавай, прасоўванне на расійскім рынку і гэтак далей, але ні Чыж, ні Шакуцін так і не змаглі за дзесяцігоддзі «лафы» стаць паспяховымі бізнесменамі. Чыж цяпер судзіцца са сваёй сям'ёй за рэшткі былой бізнес-імперыі. А Шакуцін загнаў «Амкадор» у банкруцтва і зрабіў праблемай дзяржавы свой гіганцкі — на сотні мільёнаў долараў — доўг перад кітайцамі.

У сакавіку 2025 года СМІ паведамлялі, што Лукашэнка адабраў у Шакуціна «Амкадор», перадаўшы прадпрыемства пад кантроль БелАЗа.

Шакуцін яшчэ некалькі месяцаў заставаўся бенефіцыярам і саўладальнікам некалькіх заводаў і дыстрыб'ютарскай сеткі «Амкадора» ў Расіі, але таксама выйшаў з доляў.

У канцы красавіка 2025 года Лукашэнка наведаў «Амкадор» і сказаў, што «ў найбліжэйшы час давядзецца вельмі моцна папрацаваць на «Амкадоры», які знаходзіцца ў складаным становішчы з-за дзеянняў [былага] уладальніка».

Адзначым, што ААТ «Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй спецыяльнай тэхнікі для дарожна-будаўнічай, лагістычнай, торфаздабыўной, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін. У структуру холдынгу «Амкадор» уваходзілі больш за 25 прадпрыемстваў.

Аляксандр Шакуцін нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Вялікае Бабіна Аршанскага раёна. Пачынаў як трактарыст калгаса «Радзіма». Скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «хірург». Працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення 10‑й мінскай бальніцы, дырэктарам медцэнтра МТЗ. У якасці прэзідэнта прадпрыемства «Праммедынвест» займаўся пастаўкамі медыцынскага абсталявання. Стаў акцыянерам «Амкадора», узначаліў кампанію. Быў членам Савета Рэспублікі, узначальваў Беларускую тэнісную федэрацыю.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках