Сырскі заявіў пра пералом на фронце
6- 10.10.2025, 15:46
- 19,290
Контрнаступальныя дзеянні Узброеных Сіл Украіны даюць плён.
Украінскія войскі працягваюць контрнаступленне на Добрапільскім напрамку, адбіваючы атакі праціўніка і наносячы яму значныя страты.
Пра гэта гаворыцца ў заяве галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны Аляксандра Сырскага.
Сырскі адзначыў, што аператыўная сітуацыя на фронце застаецца складанай. Паводле яго слоў, Сілы абароны Украіны канцэнтруюць асноўныя намаганні на стрымліванні праціўніка, стабілізацыі абстаноўкі на пагрозлівых напрамках, найперш Ліманскім, Пакроўскім, Добрапільскім, Навапаўлаўскім, і наносяць ворагу значныя страты.
Так, паводле слоў галоўнакамандуючага, цягам верасня агульныя страты расійскіх акупантаў склалі 28,5 тысячы чалавек.
«Правёў комплексную рабочую нараду, прысвечаную вынікам дзейнасці Узброеных Сіл Украіны ў верасні. Наша абарона — актыўная. Працягваецца контрнаступальная аперацыя ўкраінскіх войскаў на Добрапільскім напрамку», — заявіў ён.
Паводле дадзеных Сырскага, дзякуючы паспяховым дзеянням падраздзяленняў Дэсантна-штурмавых войскаў, штурмавых палкоў, іншых частак Сіл абароны ўдаецца спыняць і адкідваць праціўніка, які планаваў напачатку восені захапіць тэрыторыю ўсёй Данецкай вобласці.
«Дзякуй нашым воінам за стойкасць і выніковасць!», — падсумаваў ён.