У Беларусь заляцеў яшчэ адзін расейскі «Шагед»
7- 14.09.2024, 12:47
- 3,828
Беспілотнік парушыў паветраную прастору пад Лоевам.
У Беларусь ізноў заляцеў расейскі дрон-камікадзэ падчас начнога нападу на Украіну. У гэты момант у небе была беларуская авіяцыя.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на маніторынгавую групу "Беларускі Гаюн".
Уначы пад 4:10 расейскі «Шагед» парушыў паветраную прастору Беларусі ля Лоева ў Гомельскай вобласці. Дрон прабыў у Беларусі блізу 30 хвілін.
Беспілотнік рухаўся ў заходнім кірунку, а затым павярнуў на паўднёвы ўсход і вярнуўся ва Украіну. Паводле аналітыкаў, «Шагед» паляцеў у бок места Славуціча, дзе яго заўважылі а 5.05.
Як адзначае маніторынгавая група, калі "Шагед" заляцеў у Беларусь, у небе над Гомельскай вобласцю пільнаваў знішчальнік. Самалёт узняўся ў неба з аэрадрома «Баранавічы» пад 3:40.
Варта дадаць, што ўжо не першы раз расейскія ўдарныя дроны залятаюць у Беларусь падчас абстрэлаў Украіны. Некалькі разоў беларуская авіяцыя знішчала "Шагеды".