Медыкі вывучылі, што адбываецца з паступленнем у беларускія мед. ВНУ
2- 13.09.2024, 18:05
- 6,312
Колькасць «мэтавікоў» няўмольна расце.
Фонд медыцынскай салідарнасці правёў аналіз уступных кампаній у медыцынскія ўніверсітэты краіны за перыяд з 2014 да 2024 года, каб даследаваць некаторыя важныя змены, якія зараз адбываюцца ў гэтай галіне.
Вывучаная дынаміка колькасці залічаных студэнтаў, змены ў прахадных балах, асаблівасці мэтавай падрыхтоўкі, паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты».
У Беларусі 4 медыцынскія ўніверсітэты, і за апошнія 10 гадоў туды паступіла больш за 29 тысяч студэнтаў. На графіку ніжэй пададзеныя звесткі аб паступленні па гадах з падзелам на «платнікаў», «мэтавікоў» і «нямэтавікоў». Прыкметная дынаміка павелічэння набору па мэтавых накіраваннях, гэта значыць, тых людзей, якія, паступаючы ўжо на першы курс ВНУ, абавязаныя пасля прайсці адпрацоўку ў канкрэтнай дзяржаўнай лячэбнай установе (Глядзі графік па колькасці тых, хто паступіў).
Калі параўнаць суадносіны першакурснікаў і практыкуючых лекараў, то выявіцца, што ў Беларусі на аднаго студэнта-першакурсніка прыпадае прыблізна 17,6 лекараў.
У ЗША на аднаго студэнта-першакурсніка прыпадае каля 38,8 лекараў.
Аналагічны паказчык для Францыі на 2020 год - 23 лекары на аднаго студэнта.
Атрымліваецца, што мы набіраем больш студэнтаў, каб захоўваць сярэднесусветную колькасць лекараў на душу насельніцтва. Гэта значыць, што беларускія дактары сыходзяць з айчыннай медыцыны значна часцей, чым у ЗША ці Францыі. Пры гэтым трэба ўлічваць, што ў ЗША і Францыі не практыкуецца сістэма прымусовага размеркавання студэнтаў мед. ВНУ.