Ва Украіне заявілі, што робаты заменяць палову жаўнераў на фронце
11- 13.09.2024, 16:06
- 7,438
Прадстаўлены план.
Робаты заменяць палову жаўнераў на лініі фронту ў вайне Расеі супраць Украіны. Аб гэтым падчас міжнароднага форуму Odesa Economic Revival Forum 2024 заявіў намеснік міністра лічбавай трансфармацыі ў пытаннях развіцця IT Аляксандр Барнякоў, піша unian.net.
З яго слоў, ва Украіне праходзіць тэставанне канцэпту, які дасць магчымасць скараціць удвая колькасць жаўнераў на лініі баявога судакранання дзякуючы выкарыстанню рабатызаваных сістэм.
«Мы ўжо тэстуем на палігонах канцэпт, які дазволіць замяніць людзей рабатызаванымі прыладамі на лініі баявога судакранання. На падлікі аналітыкаў, сёння агулам на 1-2 км патрэбна прыкладна 70 чалавек у акопах. За кошт беспілотных сістэм, рабатызаваных сістэм мінавання, размінавання, РЭБ і іншых прыбораў мы можам скараціць гэтую лічбу да 30», - сказаў Барнякоў.
Ён падкрэсліў, сектар Defense Tech ва Украіне з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання пачаў імклівае развіццё, пераважна дзякуючы прыватнаму бізнэсу. Паводле інфармацыі Барнякова, калі ў пачатку 2022 года ў краіне было ўсяго тры вытворцы дронаў, то цяпер такіх кампаній амаль 700. Дарэчы, два гады таму сродкі РЭБ выраблялі 7 вытворцаў, сёння іх больш за 120. Як дадаў Барнякоў, РЭБ можа абараніць аб'екты інфраструктуры ад ракет - таму ў Адэсе таксама трэба нарошчваць вытворчасць.
Акрамя таго, гаварылася, што ва Украіне ўжо ёсць дзясяткі распрацовак на базе штучнага інтэлекту ў сферы размінавання.
Са слоў Барнякова, з дапамогай дронаў можна будзе хутчэй размінаваць тэрыторыю Украіны і захаваць пры гэтым чалавечыя жыцці. Ён расказаў, што ўжо ёсць пэўныя распрацоўкі - робат за адпаведны час аблятае пэўную тэрыторыю, намячае мапу з размяшчэннем, характарыстыкамі і колькасцю мін. Затым з дапамогай мапы прымаецца пастанова аб ужыванні тэхнікі, што значна скарачае час на размінаванне.
Як адзначыў Барнякоў, ва ўказаным сектары вытворчасці няма амаль ніводнай дзяржаўнай кампаніі.
«Няма ні ў «Арміі дронаў», ні ў кластары Brave1, ні ў сегменце вырабу РЭБ. Таму я заклікаю інвестараў у гэты бізнэс і ўпэўнены, што пасля заканчэння вайны Украіна будзе суб'ектнай на гэтым рынку. Мы ўжо патроху пачынаем дыскусіі аб магчымасці адкрыць экспарт для нашых інавацыйных распрацовак», - заявіў Барнякоў.