СМІ: Украіна менш чым за 48 гадзінаў захапіла ў Курскай вобласці больш тэрыторый, чым за летні контрнаступ
13- 8.08.2024, 21:44
- 11,234
The Telegraph піша, што баі ў Курскай вобласці маюць тры мэты.
Падчас баёў у Курскай вобласці Украіна менш як за 48 гадзінаў захапіла больш тэрыторый, чым за ўвесь перыяд летняга контрнаступу 2023 года, паведамляе The Telegraph у чацвер, 8 жніўня.
«Менш чым за 48 гадзінаў Украіна захапіла больш тэрыторыі, чым за ўвесь злашчасны контрнаступ лета 2023 года», – адзначаецца ў матэрыяле.
The Telegraph таксама піша, што баі ў Курскай вобласці маюць тры мэты. Гэта адарванне расейцаў ад наступальных аперацый у Данецкай вобласці, сеянне разладу ўнутры самой Расеі і прасоўванне пагаднення пра абмен тэрыторыямі падчас патэнцыйных перамоваў.
8 жніўня расейскае выданне Агенцтва са спасылкай на праваенныя каналы пісала, што баі ў Курскай вобласці ідуць прыкладна за 26 кіламетраў ад мяжы, а нібыта ўкраінскія войскі, верагодна, дасягнулі вёскі Іўніца і спрабуюць перарэзаць трасу Суджа – Льгоў у раёне вёскі Анастасіеўка.