Бабруец, які адшукваецца ў Беларусі з 2022 года, знайшоўся ва Украіне
18- 8.08.2024, 19:49
- 21,600
Яго ўзялі ў палон пад Ваўчанскам.
Беларус, які знаходзіўся ў вышуку ў нашай краіне з 2022 года, мае статус ваеннапалоннага ва Украіне і можа быць уключаны ў спіс на абмен, калі яго сваякі звернуцца да яго расейскага камандавання з адпаведнай заявай. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Украінцы ўзялі мужчыну ў палон у траўні пад Ваўчанскам Харкаўскай вобласці.
«Вайсковец Яўген Камянькоў, 17 сакавіка 1999 года нараджэння, знаходзіцца ва Украіне ў якасці ваеннапалоннага», - распавялі выданню ў праекце «Хачу знайсці». Там сваякі расейскіх жаўнераў, якія зніклі, загінулі або трапілі ў палон, могуць атрымаць пра іх інфармацыю.
Нагадаем, што Яўген Камянькоў - жыхар Бабруйска, ён быў абвешчаны ў вышук у Беларусі ў ліпені 2022 года пасля таго, як пайшоў разам з падлеткам з манастыра ў Берасці.
На наступны дзень пасля іх знікнення пошукава-выратавальны атрад «Паўднёвы Захад Брэст» апублікаваў інфармацыю аб тым, што зніклыя былі заўважаны ў Менску.
Праз тыдзень хлопца знайшлі ў Расеі, у горадзе Пушкіне Маскоўскай вобласці. Падлетка перадалі беларускай міліцыі. Пра зніклага Камянькова інфармацыі больш не з'яўлялася. У канцы ліпеня гэтага года стала вядома, што ён ваяваў на баку Расеі і патрапіў у палон ва Украіне.