Наталля Радзіна: Сілавікі могуць выступіць супраць Лукашэнкі, як гэта было ў Бангладэш
25- 8.08.2024, 20:09
- 51,496
Сітуацыя ў Беларусі застаецца непрадказальнай.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна стала госцем YouTube-канала вядомага расейскага журналіста Яўгена Кісялёва.
Адной з тэмаў эфіру былі нападкі расейскіх прапагандыстаў на Лукашэнку. Нібыта беларускі дыктатар вінаваты ў тым, што УСУ змаглі зняць войскі з-пад мяжы з Беларуссю і выкарыстаць іх у нападзе на Курскую вобласць РФ. Беларускі дыктатар, на думку Z-блогераў, паспрыяў гэтаму, адвёўшы войскі ад мяжы з Украінай.
Наталля Радзіна не верыць у змовы паміж Лукашэнкам і Зяленскім за спінай у Пуціна:
- Думаю, расейцы спрабуюць знайсці вінаватых у той няўдачы, якую яны дапусцілі. Мы ведаем, што ва Украіне цяпер знаходзіцца большая частка вайсковай групоўкі Расеі, а ўласныя рубяжы не абароненыя, што і дазволіла ўкраінскім войскам увайсці ў Курскую вобласць.
Таму ўсе абвінавачанні Лукашэнкі ў тым, што ён дамовіўся з Зяленскім, а той, наіўны чалавек, адвёў войскі ад мяжы з Беларуссю, мне падаюцца абсурднымі.
Па-першае, я не бачыла нідзе пацвярджэнняў, што ўсе войскі сапраўды адведзеныя ад мяжы з Беларуссю. Па-другое, мы бачылі, якім гарантам можа быць Лукашэнка, калі ў 2022 годзе ён абяцаў украінскаму кіраўніцтву, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не ўвойдзе ніводзін расейскі салдат. Аднак 24 лютага расейцы рушылі на Кіеўскую вобласць менавіта з беларускай тэрыторыі.
Ці могуць беларускія вайскоўцы быць адпраўленыя на вайну ва Украіну? Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org бачыць у такім кроку пагрозу для самога расейскага войска:
- Сітуацыя не змянілася, беларусы не хочуць ваяваць супраць Украіны, і гэта добра вядома самому Пуціну. Паводзіны беларускіх вайскоўцаў ва Украіне будуць непрадказальнымі. Беларусы не хочуць гінуць за расейскія інтарэсы. Мы па сваёй сутнасці - не імперцы. Чаму беларус павінен паміраць за нейкага Пуціна, за імперскую Расею і нейкія іх эфемерныя каштоўнасці. Ёсць вялікая імавернасць таго, што калі беларусы апынуцца на ўкраінскай тэрыторыі (чаго, не дай Бог, ніколі не адбудзецца), то яны будуць масава здавацца ў палон. Таму для Пуціна небяспечны ўдзел беларускага войска ў вайне. Я не веру, што ён цісне на Лукашэнку, а той супраціўляецца. Не, гэта гульня. Лукашэнка ўсе гэтыя гады, застаючыся ручным сабакам Пуціна, удаваў з сябе "гаранта незалежнасці". Цяпер ён спрабуе на ўнутраным полі прасоўваць сябе "абаронцам беларусаў". Але гэта толькі прапаганда. Калі Пуцін чагосьці захоча ад Лукашэнкі, ён гэтага даб'ецца. У яго для гэтага ёсць усе вагары ціску.
Яўген Кісялёў спытаў у Наталлі Радзінай аб стасунках Пуціна і Лукашэнкі. Ці сапраўды правадыр Крамля не пераносіць беларускага дыктатара і хоча яго замяніць. Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org заклікае не спадзявацца на тое, што Крэмль зменіць Лукашэнку і працягваць змагацца:
- Пуцін Лукашэнку відавочна не любіць. Гэта прыкметна нават з body language (мове цела), калі яны размаўляюць. Але я 30 гадоў ужо чую размовы пра тое, што спачатку Ельцын, а потым Пуцін незадаволеныя Лукашэнкам і нібыта Крэмль можа паставіць на іншага кандыдата. Апошні раз я гэта чула ў 2020 годзе, калі былы кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка шмат кім успрымаўся як "кандыдат ад Крамля". Тым не менш Бабарыка сеў у турму, а Расея падтрымала Лукашэнку на сфальсіфікаваных выбарах. Я асцерагаюся пустых надзей, што нібыта Лукашэнку могуць у кожны момант памяняць. Мы ўсё адно павінны змагацца з дыктатурай і не гуляць паводле маскоўскіх сцэнароў. На каго б Расея не замяніла Лукашэнку, гэта не будзе беларускі кандыдат у прэзідэнты, гэты чалавек не будзе бараніць нацыянальныя інтарэсы нашай краіны.
Аднак для гэтых размоў ёсць падставы. Мы бачылі, што Лукашэнка знаходзіцца не ў найлепшай форме. 31 жніўня яму споўніцца 70 гадоў. У яго відавочна ёсць шэраг хранічных захворванняў, лішняя вага, яму складана хадзіць, а часам ён увогуле не можа перасоўвацца. Яго даводзіцца падвозіць, як гэта было на ваенным парадзе ў Маскве 9 траўня. Таму не выключаю замены Лукашэнкі на чарговую крамлёўскую марыянетку.
Наталля Радзіна думае, што наменклатура бачыць няздольнасць Лукашэнкі кіраваць краінай:
- Не толькі мы з вамі разумеем, што Лукашэнка недалуга. Больш за тое, ён не ў стане сёння кіраваць краінай, ён здаў яе Расеі. І гэта разумеюць беларускія чыноўнікі. Яны ведаюць, што тая вайна, якую Пуцін развязаў не толькі супраць Украіны, але і ўсяго Захаду, у якую ўцягнулі Беларусь, нічым добрым не скончыцца.
Таму я спадзяюся на разважлівасць некаторых прадстаўнікоў беларускай наменклатуры, што яны змогуць праводзіць нейкую сваю гульню. Мне складана сказаць, як гэта магчыма ў цяперашняй сітуацыі, але, мне здаецца, у Беларусі прыадчыняецца акно магчымасцей.
Яўген Кісялёў закрануў тэму рэвалюцыі ў Бангладэш, дзе пратэстоўцы прымусілі ўцячы з краіны прэм'ер-міністарку Шэйх Хасіна, якая з 1996 года знаходзілася ва ўладзе. Ці можа такое адбыцца ў Беларусі? Наталля Радзіна думае, што раптоўных пратэстаў у нашай краіне не варта выключаць:
- Ніхто не чакаў пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, акрамя некалькіх лідкраў апазіцыі. Я ў тым ліку ўвесь час пра гэта казала, казаў Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка. Ніхто ў гэта не верыў. Уключаючы тых, хто потым назваў сябе лідарамі гэтай рэвалюцыі - Ціханаўскую і Латушку. Ціханоўскай у той час ні ў якой апазіцыі не было, а Латушка верна служыў рэжыму Лукашэнкі. Мы казалі, што будзе рэвалюцыя, бо адчувалі настроі людзей.
Скажу, што настроі беларусаў не надта змяніліся за апошнія чатыры гады. Так, вядома, мы гаворым пра жорсткія рэпрэсіі ўнутры краіны, але нянавісць да рэжыму засталася ранейшай. Калі нянавісць ёсць, збіраецца, то яна ўрэшце выйдзе вонкі. У якой форме - паглядзім. Але так, гэта можа адбыцца нечакана, як у Бангладэш. Хаця ніхто не чакаў, што такі народны выбух будзе ў гэтай краіне. Перамены заўсёды адбываюцца нечакана.
Адным з чыннікаў поспеху рэвалюцыі ў Бангладэш стала падтрымка з боку войска. Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org выказала меркаванне, што ў пэўны момант сілавікі могуць перайсці на бок беларускага народа:
- У 2020 годзе, на жаль, яны гэтага не зрабілі, бо бачылі, што Масква падтрымлівала Лукашэнку. Але калі не будзе падтрымкі Расеі, у ёй самой пачнуцца праблемы (а ў выніку вайны гэта непазбежна), то я перакананая, што войска і частка беларускіх сілавікоў пяройдуць на бок народа.
Думаю, што за гэтыя чатыры гады ў іх галовах таксама адбыліся змены. Не думаю, што ім усім падабаецца ўдзельнічаць у рэпрэсіях. Так, ёсць частка (упэўнена, што яна невялікая), якая за грошы, за рангі, дзеля садысцкага задавальнення арыштоўвае апазіцыянераў, вышуквае іх паўсюль, збівае і катуе. Такіх людзей не можа быць большасць.
Большасць, на жаль, пакуль не ведае, што рабіць з Лукашэнкам. Аднак тое, што незадаволенасць ёсць і сярод сілавікоў, я ўпэўнена. У пэўны момант, калі яны зразумеюць, што рэжым аслабеў, што Расея не абароніць злачынцаў, якія знаходзяцца ва ўладзе, думаю, яны стануць на бок народа.
Наталля Радзіна думае, што калі Пуцін паспрабуе прыбраць Лукашэнку, то сітуацыя стане яшчэ больш непрадказальнай:
- Гэта будзе яшчэ адно акно магчымасцяў. Калі Расея надумае прыбраць Лукашэнку, то паводзіны часткі наменклатуры, сілавікоў і войска будуць непрадказальнымі. Не думаю, што большасць беларускіх чыноўнікаў хочуць стаць дробнымі расейскімі клеркамі. Яны хочуць быць службоўцамі ва ўласнай краіне. Тое ж самае тычыцца і вайскоўцаў. Яны не хочуць, каб іх кідалі пад Вуглядар, Бахмут, Купянскае і на Пакроўскі кірунак. Жадаюць жыць у суверэннай Беларусі, не ўдзельнічаць ні ў якіх расейскіх войнах.
Калі Пуцін надумае дэ-факта далучыць Беларусь да Расеі, у тым ліку - прызначыўшы чарговую марыянетку, гэта выкліча сур'ёзныя працэсы.
Сацыяльная база для пратэстаў, паводле слоў беларускай журналісткі, у краіне захоўваецца:
- З'ехалі далёка не ўсе. Так, сёння людзі не могуць адкрыта выступаць супраць. Але ніхто не прымае Лукашэнку. Беларусы бачаць абсурд сітуацыі, якая склалася. Бачаць усю жорсткасць гэтай сістэмы і разумеюць, што ніякай будучыні ў гэтых уладаў, калі яны будуць праводзіць такую палітыку, няма.
Сітуацыя ў краіне няпростая, а патэнцыял для пратэстаў захоўваецца. Пытанне ў тым, калі гэта адбудзецца. Для гэтага павінны быць умовы.
Наталля Радзіна ўпэўнена ў тым, што расійская прапаганда не мае шанцаў перацягнуць беларусаў на свой бок, бо наш народ хоча жыць па-еўрапейску:
- Ведаеце, у чым галоўнае адрозненне беларусаў ад расейцаў? У Беларусі, паводле звестак на 2019 год, блізу 70% насельніцтва ездзіла ў Еўразвяз. Беларусы ведаюць, як жывуць у Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхіі, і далей. Беларусы жадаюць жыць, як у Еўропе.
Так, многія беларусы прайшлі праз заробкі ў Расеі, будоўлі. І сутыкаліся там з цынічным стаўленнем да сябе. Іх там уважалі за рабоў, трымалі ў невыносных умовах, часта пакідалі без заробкаў.
Сёння, калі беларускія мужчыны едуць на заробкі, то гэта Польшча, Літва, Латвія, іншыя краіны Еўразвязу. Таму беларусы хочуць у Еўропу.
Гістарычна Беларусь - гэта еўрапейская краіна. Наша дзяржаўнасць пачынаецца ад Полацкага княства, потым у нас была агульная дзяржава з літоўцамі і ўкраінцамі - Вялікае княства Літоўскае, якое пасля разам з Польшчай стварыла канфедэрацыю Рэч Паспалітую. Гістарычна мы былі часткай Еўропы. Мы ніколі не былі масквацэнтрычнымі і не глядзелі на Маскву. Затым былі больш за 200 гадоў пад акупацыі Расейскай імперыяй, затым яшчэ адной імперыяй — Савецкім Саюзам, затым марыянеткавае прарасейскае кіраванне Лукашэнкі навязала беларускаму грамадству нейкае ўяўленне аб тым, што нібыта без Расеі мы не зможам існаваць. Напраўду – не так. Менталітэт у беларусаў заўсёды заставаўся еўрапейскім. Беларусы - гэта зусім іншая нацыя. Я магла б іх параўноўваць з палякамі, літоўцамі, але ніяк не расейцамі.