Балгарыя правядзе датэрміновыя парламенцкія выбары
1- 5.08.2024, 20:17
- 1,714
Сёмыя за тры гады.
У Балгарыі партыі «Ёсць такі народ» (ІТН) не ўдалося дамовіцца пра фармаванне ўраду, у выніку чаго ў краіне правядуць новыя парламенцкія выбары – сёмыя за больш чым тры гады.
Пра гэта паведамляе Nova.bg.
Пасля апошняй сустрэчы з найбуйнейшай у колькасці парламенцкай групай – ГЕРБ-СДС – стала зразумела, што партыя ІТН не зможа сабраць неабходную большасць 121 голас для фармавання ўраду.
«Спіраль безвыніковых выбараў прадаўжае раскручвацца. Гэта не толькі выклікае раздражненне, але і запускае шэраг дэструктыўных працэсаў – адчужэнне грамадзянаў ад дэмакратычнага выбару і блакаванне многіх інстытутаў», – заявіў прэзідэнт Балгарыі Румэн Радзеў.
Ён заклікаў да змястоўнай палітычнай дыскусіі і сумленнай гульні ў найбліжэйшыя месяцы.
«Калі і ёсць нешта станоўчае ў тым, што адбылося, то гэта тое, што мы паразмаўлялі з усімі палітычнымі партыямі, акрамя адной. Была атмасфера, што нас чулі», – сказаў прадстаўнік ІТН Тошка Ёрданаў.
Цяпер Радзеў павінен прызначыць часовы ўрад або перапрызначыць цяперашні.