Першае «золата» Украіне на Алімпіядзе прынесла жаночая каманда фехтавання на шаблях
10- 4.08.2024, 11:40
- 3,142
Гэта трэці медаль украінскіх спартоўцаў у Парыжы.
3 жніўня на Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы, у палацы Гран Пале, прайшоў жаночы камандны турнір у фехтаванні на шаблях.
У фінале каманда Украіны супрацьстаяла камандзе Паўднёвай Карэі. Каманды ішлі нароўні ўвесь паядынак. Вольга Харлан выйшла на вызначальны двубой пры ліку 37:40. Вольга здолела зраўняць лік (40:40) і прынесці перамогу Украіне – 45:42.
Алімпійскімі чэмпіёнкамі ў камандным турніры сталі Вольга Харлан, Аліна Камашчук, Алена Кравацкая і Юлія Бакастава, піша rfi.fr.
Для каманды Украіны алімпійскі трыумф у фехтаванні на шаблях прынёс першы залаты медаль на Гульнях у Парыжы.
У чвэрцьфінале ўкраінскія шаблісткі перамаглі Італію (45:37), а потым у паўфінале разграмілі Японію (45:32), гарантаваўшы сабе медаль Гульняў-2024.
Гэта трэці ў ліку медаль Украіны на Алімпіядзе-2024. І другі – у фехтаванні.
Раней Вольга Харлан заваявала «бронзу» ў асабістым першынстве шаблістак.
Сяргей Куліш узяў «бронзу» ў кулявой стральбе.
Яшчэ адну ўзнагароду на АІ-2024, як мінімум бронзавую, Украіне гарантаваў Аляксандр Хіжняк, які выйшаў у паўфінал баксёрскага турніру.
Украінская шаблістка Вольга Харлан 3 жніўня ў камандных спаборніцтвах заваявала шостую ў сваёй кар'еры ўзнагароду Алімпійскіх гульняў. Цяпер яна самая тытулаваная спартоўка ў гісторыі алімпіскай каманды Украіны.
На рахунку 33-гадовай украінкі каманднае золата Пекіна-2008 і срэбра Рыа-2016, а таксама асабістая бронза Лондана-2012, Рыа-2016 і Парыжа-2024.
Колькасцю алімпійскіх медалёў Вольга абышла плыўчыху Яну Клачкову, на рахунку якой 5 медалёў: 4 залатыя і 1 срэбра.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на першы залаты медаль украінскай каманды на парыжскай Алімпіядзе. «Украінскае золата на Гульнях у Парыжы! Наша каманда ў фехтаванні на шаблях: Вольга Харлан, Алена Кравацкая, Аліна Камашчук, Юлія Бакастава. Дзякуй за вынік, за характар, за тое, што ўкраінцы перамагаюць! Хварэем за нашых і падтрымліваем усёй краінай. Украіна і на Алімпійскіх гульнях, і ў такі час умее натхняць!» – заявіў Зяленскі.