Кіеў: Вайскоўцы РФ, верагодна, расчлянілі ўкраінскага палоннага
- 4.08.2024, 11:22
- 15,632
Заяву зрабіў упаўнаважаны Вярхоўнай рады ў правах чалавека Дзмітрый Лубінец.
Расейскія вайскоўцы падчас поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, верагодна, забілі і расчлянілі ўкраінскага ваеннапалоннага, паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай рады ў правах чалавека Дзмітрый Лубінец. Украінскі амбудсмэн звярнуў увагу на фатаграфію, якая з'явілася раней у сацсетках, з рэшткамі забітага чалавека, які мог быць вайскоўцам УСУ, піша Deutsche Welle.
Гаворка ідзе пра шакавальнае фота з целам расчлянёнага чалавека ў ваеннай форме, падобнай на форму УСУ, і футболцы са сцягам Украіны, якое, як піша выданне Insider, з'явілася ў адным з расейскіх Z-каналаў. Пра дату і месца здымка не паведамляецца.
«Гэта не проста парушэнне Жэнеўскай канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі, гэта паводзіны катаў! Адзначу, што згодна з нормамі міжнародна-гуманітарнага права, да ніводнага ваеннапалоннага нельга ўжываць фізічнае калецтва, гвалт або забойства», – пракаментаваў паведамленні пра здымак Лубінец.
Паводле словаў амбудсмэна, ён звярнуўся ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ААН з просьбай зафіксаваць чарговае парушэнне правоў чалавека з боку УС РФ, а таксама да ўкраінскіх праваахоўнікаў з просьбай праверкі паведамленняў пра інцыдэнт. Лубінец падкрэсліў, што публікацыяй такіх здымкаў сілы РФ спрабуюць запалохаць украінскіх абаронцаў.
У палоне РФ загінула мноства ўкраінцаў
У канцы ліпеня высветлілася, што ў СІЗА Растова-на-Доне загінуў 55-гадовы кіроўца палка «Азоў» Аляксандр Ішчанка, пра ягоную смерць было абвешчана на чарговым паседжанні суда ў справе палонных «азоўцаў» у РФ. Пры гэтым прычыны і абставіны ягонай смерці разгалошаныя не былі.
У лютым у растоўскім СІЗА памёр яшчэ адзін палонны ўкраінец Віктар Дземчанка, якога ў РФ абвінавачвалі ў шпіянажы. Абставіны, пры якіх 71-гадовы мужчына быў затрыманы, невядомыя – раней ён жыў у горадзе Маспіна Данецкай вобласці, які быў акупаваны прарасейскімі сіламі ў 2014 годзе. Справа Дземчанкі была засакрэчаная, а пра ягоную смерць таксама стала вядома толькі з паведамлення суда.
Маніторынгавая місія ААН у правах чалавека ва Украіне ў сакавіку звярнула ўвагу на «рэзкі рост колькасці паведамленняў пра пакаранні захопленых украінскіх ваеннапалонных», якія заслугоўваюць даверу. Паводле звестак місіі, у перыяд са снежня 2023 года да лютага 2024 года былі зафіксаваныя «заявы аб пакаранні сама менш 32 украінскіх ваеннапалонных падчас 12 асобных інцыдэнтаў». На пазасудовыя расправы над украінцамі з боку вайскоўцаў РФ зважалі і праваабаронцы з Human Rights Watch.