УСУ патапілі расейскую падводную лодку «Растоў-на-Доне» ў Севастопалі
37- 3.08.2024, 16:53
- 47,348
(Абноўлена) У выніку трапляння лодка затанула на месцы.
Сілы абароны Украіны паспяхова падбілі і затапілі падводную лодку «Растоў-на-Доне» ў часова акупаваным Крыме. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб УСУ.
«Сілы абароны Украіны нанеслі ўдары па падводнай лодцы і зенітным ракетным комплексе С-400 ворага ў часова акупаваным Крыме», – адзначаецца ў паведамленні.
Сярод іншага, паводле пацверджанай інфармацыі, учора падраздзяленнямі ракетных войскаў, ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі Ваенна-марскіх сілаў Узброеных сілаў Украіны істотна пашкоджаныя 4 пускавыя ўстаноўкі ЗРК «Трыумф». Таксама ў порце Севастопаля паспяхова разбітая падводная лодка чарнаморскага флоту РФ «Растоў-на-Доне».
«У выніку трапляння лодка затанула на месцы», – адзначаецца ў паведамленні.
Як удакладнілі ў Генштабе УСУ, падводная лодка Б-237 «Растоў-на-Доне» (паводле класіфікацыі NATO – клас Kilo) з'яўляецца адной з чатырох падводных лодак класу «Kilo», здольных ужываць ракеты «Калібр».
Вядома, што «Растоў-на-Доне» быў уведзены ў эксплуатацыю 26 снежня 2014 года.
Раней, 13 верасня 2023 года, у выніку ўкраінскага ракетнага нападу карабель атрымаў істотныя пашкоджанні.
«Надалей ажыццяўляўся яго рамонт і праходзілі выпрабаванні ў акваторыі Севастопальскай гавані. Кошт падводнай лодкі ацэньваецца на 300 мільёнаў даляраў. Знішчэнне “Растова-на-Доне” чарговы раз даказвае, што для расейскага флоту няма бяспечнага месца ва ўкраінскіх тэрытарыяльных водах Чорнага мора», – сказана ў паведамленні УСУ.