Лукашэнка ледзьве пераадолеў 1,5 кіламетра ў Гомельскай вобласці
30- 3.08.2024, 9:47
- 35,110
Дыктатара астуджвалі з вентылятара.
Узурпатар Аляксандр Лукашэнка прыязджаў 2 жніўня ў Мазыр, каб «праінспектаваць ліквідацыю наступстваў стыхіі на Гомельшчыне» - так гэта было заяўлена ў дзяржаўнай прэсе.
Насамрэч, як высветліў «Флагшток», дыктатар у даслоўным сэнсе толькі адзначыўся ў рэгіёне. Усё яго наведванне Мазырскага раёна складалася з маршруту за паўтара кіламетра — ад верталётнай пляцоўкі да пасялковай плошчы Прудка і назад. Пра гэта расказалі геалакаваныя фатаграфіі.
На выездзе з верталётнай пляцоўкі каля вайсковай часткі Мазырскага памежнага атрада Лукашэнку чакаў шацёр з чыноўнікамі. Для большага камфорту дыктатара, праблемы са здароўем у якога апошнім часам абвастрыліся, у шатры размясцілі вентылятар.
На адрэзку шляху ад шатра да пасялковага пляца на ўсякі выпадак паклалі новы асфальт і пабялілі не толькі бардзюры, але і слупы, і дрэвы, як відаць на фота. Гэтыя працы мясцовыя ўлады праводзілі цягам мінулага тыдня, пасля таго як атрымалі інфармацыю аб візіце. Пра гэта расказвалі жыхары Мазырскага раёна ў сацсетках.
Акрамя праграмнай прамовы кіраўніка план яго візіту ўключаў "зносіны з мясцовымі жыхарамі", сярод якіх апынуліся чыноўнікі і сем'і - як высветлілася, таксама не простыя.
У прыватнасці, выпадковай сям'ёй з натоўпу стала сям'я начальніка аддзялення ўпраўлення аховы дзяржграніцы Мазырскага пагранатрада Дзяніса Вераксы.
Гэтая сям'я раней ужо “станоўча” сябе зарэкамендавала на прапагандысцкіх мерапрыемствах.
Пасля свайго спічу і «зносін з жыхарамі» хворы і аслабелы Лукашэнка адразу ж вылецеў у сваю рэзідэнцыю на адпачынак.