10 кастрычнiка 2024, Чацвер, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзясяткі расейскіх вайскоўцаў тэрміновай службы зніклі ў Курскай вобласці пасля ўварвання УСУ

16
Дзясяткі расейскіх вайскоўцаў тэрміновай службы зніклі ў Курскай вобласці пасля ўварвання УСУ

Сваякі «атакуюць» Мінабароны РФ.

Падчас уварвання Узброеных сілаў Украіны (УСУ) на памежных тэрыторыях Курскай вобласці знаходзіліся сама менш некалькі дзясяткаў салдатаў тэрміновай службы, піша «Вёрстка».

Выданне пагутарыла са сваякамі сямі такіх вайскоўцаў і высветліла, што многія перасталі выходзіць на сувязь і прапалі пасля пачатку аперацыі УСУ.

Сын Святланы, які праходзіў тэрміновую службу ў Суджы, напісаў ёй увечары 6 жніўня, што скіроўваецца «на падмацаванне». «Апошнія засталіся, астатнія ўжо на падмацаванне пайшлі. Былі параненыя», – пераказвае Святлана змест атрыманага паведамлення. Паводле ейных словаў, больш сын на сувязь не выходзіў.

Падобная гісторыя адбылася з пляменнікам Яўгеніі з Новаалтайска, набраным на тэрміновую службу восенню 2023 года. Яна расказала, што апошні раз яе сваяк выходзіў на сувязь днём 7 жніўня. Да гэтага ён паспеў паведаміць, што жывы і не захоплены, але «шмат вайскоўцаў тэрміновай службы патрапілі ў палон», хтосьці быў забіты.

На пазіцыі, дзе знаходзіўся пляменнік Яўгеніі, было яшчэ 30 тэрмінавікоў. Паводле ягоных словаў, тыя, хто ацалеў, чакалі эвакуацыі. «Цяпер там нідзе не бяспечна. Цывільных вывозяць да гэтага часу звычайныя добрыя людзі. Хтосьці саматугам выбіраецца. Ганьба. А пра тэрмінавікоў увогуле ніхто не ўспомніў», – адзначыла яна.

Брат Дылюзы з Башкартастана, які знаходзіўся на пазіцыі ў Суджанскім раёне разам з 25–30 іншымі тэрмінавікамі, расказаў, што іх павінны былі вывезці «ў больш спакойнае месца» 6 жніўня, аднак яна да гэтага часу не ведае, ці адбылося гэта, паколькі пасля таго званка ён перастаў выходзіць на сувязь.

Сын Юліі з Сыктыўкара быў набраны ў снежні 2023 года, у Суджанскі раён патрапіў у красавіку 2024 года. Апошні раз ён выходзіў на сувязь а 22-й 5 жніўня. Маці іншых вайскоўцаў тэрміновай службы паведамілі ёй, што, калі УСУ зайшлі ў Курскую вобласць, іх сыны трымалі абарону і многія трапілі ў палон. Юлія не ведае, ці было сярод іх яе дзіця.

«Калі захапілі Гуева, хлопцы з акружэння пісалі маці, прасілі дапамогі. Але мы да Масквы [на гарачую лінію Мінабароны] увогуле не можам датэлефанавацца, ваенкаматы адказваюць нам: «Што вы за глупства кажаце, іх там няма, у іх проста забралі тэлефоны». Увогуле за дурнічак нас трымаюць. У шпіталі Курска нам інфармацыю не даюць, кажуць, што няма калі, параненых вельмі шмат», – расказала яна.

6 жніўня сын Данііл напісаў Ксеніі, што ўкраінскае войска пачало абстрэльваць іх пазіцыю. У выніку яго эвакуявалі. Пазней Данііл расказаў, што ўсе вайскоўцы тэрміновай службы, якіх вывезлі разам з ім, засталіся жывыя, а тыя, хто знаходзіўся бліжэй да мяжы, загінулі або былі ўзятыя ў палон.

Маці Аляксея Вольга паведаміла, што яе сын служыў у вайсковай часці ў Бранскай вобласці, аднак гэтым летам яго перавялі на мяжу ў Курскую вобласць. 6 жніўня ён патэлефанаваў з чужога тэлефона, а потым сувязь з ім цалкам знікла. Дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.

Валанцёрка Яна, якая рыхтавала абеды для салдатаў на мяжы, расказала выданню, што ў Суджанскім раёне размяшчаліся мінімум 15 расейскіх пазіцый і амаль усюды былі вайскоўцы тэрміновай службы. Так, на кожным апорным пункце знаходзіліся ад 7 да 30 такіх вайскоўцаў.

Цяпер 52 сваячкі зніклых салдатаў тэрміновай службы аб'ядналіся ў спробах знайсці інфармацыю пра сваіх блізкіх і дастукацца да Мінабароны.

Між тым установа рыхтуецца перакінуць у Курскую вобласць новую партыю вайскоўцаў тэрміновай службы з Іркуцкай вобласці. Паводле звестак выдання «Людзі Байкала», тэрмінавікам абвясцілі, што пасля трохмесячнага курсу маладога байца іх выправяць на мяжу. Камандзіры запэўніваюць, што там новаспечаныя салдаты будуць нібы «толькі капаць акопы».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках