Politico: ЗША дазволілі Украіне біць амерыканскай зброяй па ўсіх цэлях РФ
8- 21.06.2024, 9:32
- 8,680

А не толькі каля Харкаўскай вобласці.
ЗША дазволілі Украіне выкарыстоўваць амерыканскую зброю для паражэння ўсіх расейскіх сіл, якія атакуюць праз мяжу, а не толькі тых, што знаходзяцца паблізу Харкаўшчыны.
Аб гэтым піша Politico са спасылкай на дарадцу ў нацбяспецы ЗША Джэйка Салівана і двух неназваных амерыканскіх чыноўнікаў.
Выданне адзначае, што гэтая ледзь прыкметная змена ў мэсэджах афіцыйных амерыканскіх асоб адбылася ўсяго праз некалькі тыдняў пасля таго, як ЗША далі Кіеву «зялёнае святло» на нанясенне ўдараў унутры Расеі ў адказ на трансмежавы напад на горад Харкаў. Тады амерыканскія чыноўнікі падкрэслівалі, што гэтая палітыка абмяжоўваецца асабліва Харкаўскай вобласцю.
З таго часу ўкраінскія войскі, прынамсі, адзін раз выкарыстоўвалі амерыканскую зброю для нанясення ўдару па тэрыторыі Расеі, знішчыўшы цэлі ў горадзе Белгарадзе, і здолелі стрымаць расейскае наступленне. Але ўкраінскія і іншыя еўрапейскія афіцыйныя асобы ціснулі на ЗША, каб тыя яшчэ больш аслабілі свае абмежаванні, дазволіўшы Украіне наносіць удары па ўсякім пунктам Расеі.
Саліван заявіў у аўторак у інтэрв'ю PBS, што пагадненне з Украінай аб ударах амерыканскай зброяй па Расеі распаўсюджваецца на «ўсякае месца, дзе расейскія войскі перасякаюць мяжу з расейскага боку на ўкраінскі бок, каб паспрабаваць захапіць больш украінскай тэрыторыі».
«Справа не ў геаграфіі. Справа ў разумным сэнсе. Калі Расея нападае ці збіраецца напасці са сваёй тэрыторыі на Украіну, ёсць сэнс толькі ў тым, каб дазволіць Украіне даць адпор сілам, якія б'юць па ёй праз мяжу», - дадаў Саліван.
У апошнія дні Расея заявіла, што можа неўзабаве наступаць на паўночна-ўсходні горад Сумы, які таксама знаходзіцца паблізу расейскай мяжы. Калі гэта адбудзецца, палітыка дазволу ўдараў гэтай зброяй будзе ўжытая і там, сказаў Саліван.
Два амерыканскія чыноўнікі на ўмовах ананімнасці адзначылі, што дазвол Украіне наносіць удары па тэрыторыі Расеі «ў адказ на агонь з кожнага месца мяжы» не з'яўляецца змяненнем у палітыцы Белага дома. Спачатку гэты крок разглядаўся толькі ў кантэксце харкаўскага наступу РФ, але гэта не выключае магчымасці наносіць удары ў адказ на іншыя трансгранічныя напады.
Зрэшты, прамова Салівана прыкметна адрозніваецца ад таго, што амерыканскія чыноўнікі казалі ў траўні, калі новая палітыка была дэталёва распрацаваная.
Тады высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік сказаў: «Нядаўна прэзідэнт даручыў сваёй камандзе забяспечыць, каб Украіна магла выкарыстоўваць амерыканскую зброю ў адказ на ўдары па Харкаву, каб Украіна магла біць у адказ па расейскіх сілах, якія наносяць або рыхтуюцца нанесці ўдар».
Палітыка недапушчэння далёкіх удараў унутры Расеі «не змянілася», падкрэсліў чыноўнік.