На пасольства Расеі ў Стакгольме скінулі фарбу з дрона
7- 29.11.2024, 18:45
- 3,240
Надзвычайнае здарэнне адбылося раніцай.
Неўстаноўлены робат праляцеў у пятніцу над пасольствам Расеі ў сталіцы Швэцыі Стакгольме, скінуўшы на тэрыторыю комплексу фарбу.
Паводле інфармацыі мясцовай паліцыі, надзвычайнае здарэнне адбылося раніцай. Ніхто затрыманы не быў, падазраваных пакуль няма. Следства мае намер праверыць, ці звязаны гэты інцыдэнт з актам вандалізму ля амбасады Швэцыі ў Маскве, паведамляе Reuters.
Амбасада Расеі ў Швэцыі заклікала правесці «дбайнае бесстаронняе расследаванне», дадаўшы, што гэта ўжо не першы інцыдэнт супраць расейскай дыпмісіі.
Раней паведамлялася, што ў чацвер раніцай у Маскве некалькі маладзёнаў падышлі да будынка швэдскага пасольства на Масфільмаўскай вуліцы і пачалі кідаць у яго бутэлькі з фарбай. Нападнікаў затрымалі на месцы. Тэлеграм-канал Mash пісаў, што, паводле папярэдніх звестак, яны размалявалі будынак праз заявы ўрада Швэцыі павялічыць пастаўкі боепрыпасаў ва Украіну ў найбліжэйшай будучыні.
МЗС Швэцыі заклікала Маскву забяспечыць абарону швэдскай дыпмісіі і яе супрацоўнікаў. Інцыдэнт з робатам у Стакгольме швэдскае замежнапалітычнае ведамства пакуль не каментавала.