23 лiстапада 2024, Субота, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскі генерал: Захаду пагражае найвялікшая небяспека з часоў Другой сусветнай вайны

5
Амерыканскі генерал: Захаду пагражае найвялікшая небяспека з часоў Другой сусветнай вайны

Новую «вось зла» неабходна ўхіліць як мага хутчэй.

«Захад сутыкнуўся з найвялікшай небяспекай з часоў Другой сусветнай вайны». Такую заяву зрабіў былы намеснік кіраўніка камітэта кіраўнікоў штабоў войска ЗША генерал Джэк Кін у інтэрв'ю The Times (пераклад – «Дэталі»).

Інтэрв'ю было апублікаванае ў суботу, 23 лістапада. Генерал Джэк Кін – адзін з самых уплывовых вайскоўцаў у Вашынгтоне. Усе звяртаюцца да яго па параду, уключаючы Дональда Трампа. Калі Трамп перамог на выбарах у 2016 годзе, ён хацеў, каб Кін стаў ягоным міністрам абароны. Але ў генерала тады памерла жонка, і ён адмовіўся. Ягонае папярэджанне прагучала на фоне заяваў Уладзіміра Пуціна пра магчымае ўжыванне ядзернай зброі супраць Украіны і тых краінаў (у тым ліку, не ядзерных), хто яе падтрымлівае.

«Новая вось Пекін – Масква – Пхеньян уяўляе з сябе самы сур'ёзны і небяспечны выклік Захаду з часоў Другой сусветнай вайны, – заявіў генерал Кін. – Адбылося наступнае: гэтыя краіны ўспрынялі ЗША як слабога ворага. Мы страцілі палітычную волю ім супрацьстаяць»

«Гэтую небяспеку неабходна будзе ліквідаваць як мага хутчэй, – прадоўжыў генерал. – І пачаць трэба адразу ж, як толькі Трамп заступіць на пасаду ў студзені. Нідзе гэтая вось не праяўляе сябе больш выразна, чым на вайне Расеі супраць Украіны. Цяпер 10000 паўночнакарэйскіх салдатаў далучыліся да расейцаў».

Запуск Украінай па Расеі амерыканскай ракеты Atacms і брытанскай крылатай ракеты Storm Shadow і запуск расейскай эксперыментальнай гіпергукавой балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці па Украіне рэзка павысілі небяспеку сусветнай вайны. Кіна спыталі, ці магчымае мірнае ўрэгуляванне, абяцанае Трампам, пры такім тэмпе нарастання напружанасці?

«Гэта Пуцін паскарае тэмп, – адказаў генерал. Я за перамовы з Пуціным. Але я не думаю, што ён хоча весьці перамовы, яму патрэбная ўся Украіна. Але ён мае сур'ёзныя праблемы. Ён спрабуе захапіць Данбас, але дамогся толькі сціплых поспехаў пры жахлівых стратах жывой сілы – ад 30000 да 57000 чалавек за месяц. З тэхнікай у яго таксама праблемы».

Кін адказаў на пытанне, чаму, на ягоную думку, Пентагон не гатовы да новых выклікаў. «Цяпер нашае войска самае маленькае з часоў Другой сусветнай вайны, ВПС самыя маленькія за апошнія 40 гадоў, а Флот, якому патрэбныя 360 караблёў, мае ўсяго 90, – адказаў генерал. – Калі быў СССР, мы былі гатовыя да канфлікту, а цяпер? Украінская вайна стала важным урокам. Мы бачым, што ў выпадку зацяжной вайны нам будзе не ставаць усяго».

«Украіна змагла нанесці сур'ёзную шкоду расейскаму ваенна-марскому флоту шляхам распрацоўкі падводных беспілотнікаў, і зрабілі яны гэта хутка. Нам неабходна тэрмінова набываць і распрацоўваць узбраенні. Спадзяюся, што каманда Трампа выправіць сітуацыю».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках