23 лiстапада 2024, Субота, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус атрымаў траўму ў трэнажорнай зале і пайшоў у суд, але там абвінавацілі ягоны «вялікі жывот»

3
Беларус атрымаў траўму ў трэнажорнай зале і пайшоў у суд, але там абвінавацілі ягоны «вялікі жывот»

Скандальная гісторыя адбылася ў Берасці.

Берасцеец накіраваўся ў спартовую залу разам з сынам, але занятак скончыўся сумна: лава трэнажора склалася і мужчына моцна пашкодзіў палец. Ён быў упэўнены ў няспраўнасці інвентару і, калі развязаць пытанне мірам не атрымалася, падаў супраць установы пазоў у суд, запатрабаваўшы кампенсацыю. Ці атрымалася ў яго дамагчыся выплаты? Вынік стаў вядомы з апублікаванай судовай пастановы, піша «Люстэрка».

Аляксандр (імя выдуманае) набыў у Берасцейскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву ў веславанні два гадавыя абанементы – у трэнажорную залу і басейн. Як і належыць, прайшоў інструктаж у тэхніцы бяспекі, рэгулярна займаўся і быў сталым наведнікам – нішто не абяцала праблемаў.

Гантэллю па пальцы

У 2023 годзе мужчына аднойчы прыйшоў у залу разам з сынам. Яны трэніравалі плечавыя мышцы і па чарзе выконвалі практыкаванне «жым гантэлей на заднюю дэльту» на лаве з рэгуляванай спінкай – у сутнасці, махі рукамі з гантэлямі. Бацька выкарыстаў грузы 18 кг, сын – лягчэйшыя, 10 кг.

На шостым падыходзе ў Аляксандра здарылася непрыемнасць. Лава пад ім раптоўна склалася, і цяжкая гантэля ўпала мужчыну на ўказальны палец правай рукі. Боль быў вельмі моцны.

Першую дапамогу кліенту прапанавалі ў медпункце спарткомплексу. Медсястра дыягнаставала «выцятую рану пальца пясця з прышчамленнем» і параіла звярнуцца да траўматолага. Аляксандр патэлефанаваў знаёмай, тая адвезла яго ў траўмапункт.

Адразу пасля здарэння мужчына паскардзіўся на няспраўнасць трэнажора прадстаўнікам спарткомплексу. Чаканні развязаць пытанне мірам не апраўдаліся, і ён накіраваў цэнтру дасудовую прэтэнзію – запатрабаваў кампенсацыю маральнай шкоды памерам 1500 рублёў. Атрымаўшы адмову, берасцеец пайшоў у суд.

Дамовіцца не ўдалося

Як указаў Аляксандр у сваім пазове, яны з сынам бачылі, як лава склалася праз тое, што выскачыла фіксавальная загваздка спружыннага механізму. Мужчына настойваў, што, рэгулюючы спінку перад выкананнем практыкавання, ён уставіў загваздку як след, да пстрычкі. На ягоную думку, тая выскачыла таму, што была зношаная або пагнутая. Сын пацвердзіў ягоныя паказанні.

Паводле словаў Аляксандра, адразу пасля інцыдэнту кіраўніцтва спарткомплексу паабяцала яму зрабіць зніжку на новы абанемент, калі ён не будзе ўказваць сапраўдную прычыну траўмы ў лякарні. Ён так і зрабіў, сказаўшы там пра побытавую траўму. Знаёмая, якая вазіла яго ў траўмапункт, пацвердзіла, што мужчына адразу расказаў ёй, што выканаў просьбу прадстаўнікоў спарткомплексу.

Аднак тыя, у сваю чаргу, абяцанне не выканалі і ўжо на наступны дзень заявілі Аляксандру, што ніякай зніжкі ён не атрымае.

Берасцеец у сваім пазове патрабаваў усё тыя ж 1500 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Ён расказаў, што ад траўмы адчуў нясцерпны боль, а потым праз пашкоджаную правую руку быў на доўгім бальнічным, праходзіў курс фізіяпрацэдураў і мае патрэбу ў дадатковай рэабілітацыі, усё гэта прынесла яму нямала негатыўных эмоцый.

Сам вінаваты

Аднак прадстаўнікі цэнтру ў судзе заявілі, што мужчына сам вінаваты ў сваёй траўме. Яны прынеслі дакументы, што абсталяванне правяраецца на спраўнасць камісіяй кожныя паўгода, а трэнеры аглядаюць яго кожную раніцу, у журнале няспраўнасцяў запісаў аб праблемах з гэтай лавай не было.

Акрамя таго, пасля інцыдэнту лаву правяралі некалькі разоў. У той самы дзень загадчык залы асабіста агледзеў механізм, зварныя швы і рухомыя часткі – усё працавала спраўна, запэўнілі прадстаўнікі спарткомплексу. Пазней правялі тэхнічны эксперымент з поўнай разборкай трэнажора – ніякіх дэфектаў таксама не выявілі.

ЦАР настойваў на тым, што прычынай здарэння былі парушэнні з боку кліента: меркавана, ён парушыў тэхніку выканання практыкавання, узяў гантэлі з занадта вялікай вагой ці не рабіў дастатковых паўзаў паміж падыходамі. Можа быць, не да канца зафіксаваў штыфт, ды і ўвогуле гэтая лава нібыта не прызначаная для такога практыкавання.

Адвакатка берасцейца настойвала, што трэнер у зале павінен быў сачыць за тым, як наведвальнікі выконваюць практыкаванне, і зрабіць заўвагу Аляксандру, але гэтага не адбылося. Таксама яна казала, што лаву рамантавалі пасля інцыдэнту, а значыць, няспраўнасць была. Але суд не аддаў увагі гэтым довадам.

«Анатамічныя асаблівасці»

Кіраўніцтва спарткомплексу нават прывяло сведку, які займаўся ў зале адначасова з Аляксандрам. Паводле ягоных словаў, мужчына парушыў тэхніку бяспекі: выконваў махі на вялікай хуткасці і ў кірунку да выступных частак трэнажора, што павышала рызыку іх закрануць.

«Лежачы на жываце, робячы цягу, беручы да ўвагі ягоныя анатамічныя асаблівасці (вялікі жывот), [Аляксандр] тузануўся і зачапіў ручку, якая фіксуе штэкер, у выніку чаго лава “склалася” і ён атрымаў траўму», – заявіў сведка.

Суд нават паглядзеў відэа, як правільна выконваць практыкаванне на заднюю дэльту, каб упэўніцца, што Аляксандр рабіў яго інакш. Адглядзелі таксама відэазапісы з залы, дзе відаць, як кліент атрымлівае траўму і пазней супрацоўнікі залы разам з ім аглядаюць лаву. Спарткомплекс падаў і відэа «эксперыменту», паказаўшы, што лава нармальна фіксуецца і пры разборцы пашкоджанняў штыфта не выяўлена.

У выніку суд стаў на бок спарткомплексу і пастанавіў, што траўма адбылася з віны самога наведніка. Аляксандру не толькі адмовілі ў кампенсацыі, але і абавязалі заплаціць дзяржмыту памерам 111 рублёў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках