Дзясяткі населеных пунктаў у Магілёўскай вобласці засталіся без цяпла і электрычнасці
2- 23.11.2024, 12:36
- 3,518
Праз снегапады.
Дзясяткі населеных пунктаў Магілёўскай вобласці ў ноч з 22 на 23 лістапада засталіся без электрычнасці праз моцныя снегапады. Выйшлі з працы і дзве кацельні – у Хоцімскім і Краснапольскім раёне, піша «Тэлеграф».
Энэргетыкі і абласная ўправа МНС расказалі больш падрабязна пра наступствы непагадзі.
Больш за ўсё на гэты раз ад разгулу непагадзі дасталася жыхарам чатырох раёнаў:
Клімавіцкага,
Хоцімскага,
Касцюковіцкага,
Краснапольскага.
Паводле звестак прадпрыемства «Магілёўэнэрга», на стан 8-й без святла заставаліся яшчэ 57 населеных пунктаў па паўднёвым усходзе вобласці. Супрацоўнікі прадпрыемства прадаўжаюць весці аварыйна-аднаўленчыя працы, а таксама маніторынг стану электрасеткавага абсталявання і метэаралагічнай абстаноўкі, паколькі на 23 лістапада Белгідрамет спрагназаваў рэгіёну моцныя снегапады.
У сваю чаргу ў абласной управе МНС расказалі, што акрамя прыватных дамоў без святла гэтай ноччу засталіся 10 фермаў – у Краснапольскім, Клімавіцкім і Хоцімскім раёнах (сем з іх да гэтага часу абясточаныя), а таксама дзве кацельні – у Хоцімскім і Краснапольскім раёнах.
Акрамя таго, супрацоўнікам МНС за мінулую ноч давялося чатыры разы выязджаць на дапамогу з буксаваннем аўтамабіляў, якія былі не гатовыя да першых снегападаў (Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Быхаўскі і Кіраўскі раёны). У адным з выпадкаў ратавальнікам таксама давялося ўхіляць наступствы моцнага ветру – дрэва ўпала пад напорам (інцыдэнт адбыўся ў Хоцімскім раёне).
На дзень 23 лістапада Белгірамет выпісаў штармавое папярэджанне праза патэнцыйна небяспечную галалёдзіцу. Згодна з аператыўным прагнозам, у суботу невялікі мокры снег чакаецца толькі месцамі па краіне. Вецер сіноптыкі спрагназавалі заходні, паўднёва-заходні сярэдні. Максімальная тэмпература паветра, паводле прагнозу Белгідрамета, будзе трымацца ў дыяпазоне -3…+2°С.