У Беларусі 25 тысяч кіроўцаў таксовак засталося без працы?
21- 14.11.2024, 23:22
- 22,216
Праз новыя правілы.
З 1 лістапада таксі ў краіне існуе паводле новых правіл. Працуе «Рэестр аўтаперавозак пасажыраў у нерэгулярных злучэннях», Транспартная інспекцыя займаецца кантролем.
Многія беларусы між тым сталі скардзіцца на вельмі значны рост кошту паездак, а таксама на час падачы таксоўкі, які павялічыўся. Onlíner папрасіў найбуйнейшага гульца рынку - сэрвіс «Яндэкс Go» - даць сваю ацэнку першым тыдням працы таксі ў Беларусі паводле новых правіл.
Кіроўцаў стала менш, чаканне - даўжэйшым, кошт паездкі павялічыўся
- Паводле звестак нашага сэрвісу, у першыя дні працы рэестра колькасць кіроўцаў на лініі скарацілася агулам на 25% па краіне і на 35% у Менску. Жыхары, якія хацелі замовіць аўто, заўважылі, што чаканне стала часта займаць больш часу, а кошт паездак звыклым маршрутам мог павялічыцца, - канстатуе Кірыл Свінцоў, кіраўнік «Яндэкс Go» ў СНД.
З яго слоў, праз тое, што выканаўцаў у сэрвісе стала менш, а колькасць ахвочых скарыстацца таксоўкай засталася звычайнай, у сістэме стаў спрацоўваць каэфіцыент, які павышае кошт.
- Калі алгарытм не павялічыць кошт, у дадатку мы часта будзем бачыць «Няма свабодных аўтамабіляў», - указаў суразмоўца.
— Пры той колькасці кіроўцаў, якія выконваюць заказы з дапамогай нашага сэрвісу зараз, немагчыма забяспечыць узровень кошту і час падачы, якія былі да 1 лістапада. Вярнуць попыт і прапанову ў стан балансу (калі кіроўцаў на лініі дастаткова, каб выканаць усе заказы) можна, толькі павялічыўшы колькасць кіроўцаў у рэестры і, як вынік, у нашым сэрвісе, - мяркуе кіраўнік «Яндэкс Go» ў СНД.
Яшчэ да 1 лістапада ў «Яндэкс Go» прагназавалі, што да 70% кіроўцаў, якія працуюць з сэрвісам, не змогуць адпавядаць усім патрабаванням і страцяць даход. У абсалютных лічбах гэта да 25 тысяч чалавек.
- Вядома, усё гэта не можа не адбіцца на спажыўцу: у выпадку масавага адтоку кіроўцаў з легальнага сегмента сур'ёзна вырастуць кошт паездкі і час падачы аўтамабіля, знікне магчымасць забяспечваць вываз пасажыраў у гадзіны пік, - адзначаў тады Кірыл Свінцоў.
Кіроўцаў у рэестры і на лініі стане больш?
- Міністэрства транспарту ўжо ўвяло некаторыя змены ў парадак уступлення ў рэестр. Напрыклад, тэрмін праходжання курсаў павышэння кваліфікацыі для кіроўцаў быў ссунуты на 1 сакавіка 2025 года, а з 3 лістапада пастановай савета міністраў №809 было дазволена не ўносіць у рэестр звесткі аб працоўнай дамове, - працягвае Кірыл Свінцоў, кіраўнік «Яндэкс Go» ў СНД.
- Спадзяемся, што найбліжэйшым часам кіроўцаў у рэестры і на лініі стане больш.
На некаторыя ацэнкі, кіроўцы перад заяўкай на ўключэнне ў рэестр павінны выдаткаваць амаль 3000 беларускіх рублёў на прывядзенне транспартнага сродку ў адпаведнасць з патрабаваннямі. Напрыклад, калі кіроўца працуе на асабістым аўто, яго трэба абсталяваць таксометрам з убудаваным сродкам кантролю падатковых органаў і відэарэгістратарам, таксама трэба зрабіць абклейванне і ўстанавіць апазнавальны ліхтар.