«Ёсць вялікі попыт на гэты сцэнар»
14- 9.10.2024, 12:23
- 7,694
Ці зойдуць УСУ ў Беларусь?
Падчас адной з панэляў Форума дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, кіраўнік міжфракцыйнага дэпутацкага аб'яднання "За дэкаланізацыю Расеі" Алег Дунда, выказаў меркаванне, што толькі на тэрыторыі Украіны ў вайне з Расеяй не перамагчы. Таксама ўкраінскі дэпутат заявіў, што УСУ павінны зайсці на тэрыторыю Беларусі.
Што стаіць за гэтай заявай? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з кандыдатам філасофскіх навук, кіраўніком украінскага Цэнтра беларускіх камунікацый Максімам Плешкам:
— Заява Алега Дунды — сапраўдная “атамная бомба” ў расейскай і беларускай медыяпрасторы. З расейскім усё зразумела – там не хочуць страчваць сваю калонію, гібрыдна акупаваную праз Лукашэнку. А чаму такі эфэкт быў у беларускім інфармацыйным полі? Бо ёсць попыт на гэтую ідэю. Алег Дунда выказаў тое, пра што гавораць сотні тысяч беларусаў. Ён сказаў тое, пра што мараць беларускія добраахвотнікі.
Два з паловай гады яны чакалі гэтай заявы. Таму была такая моцная рэакцыя.
Давайце абагульнім. Першае, нельга сказаць, што гэтая заява з боку ўпаўнаважанага ўкраінскага чыноўніка. Алег Дунда - дэпутат, палітык, ён можа дазволіць сабе пэўнае вальнадумства. Аднак дэпутат кіроўнай партыі "Слуга народа".
Таму першая выснова - на гэтую ідэю ёсць попыт. Яна жыве ў розумах тысяч людзей, яе абмяркоўваюць на кухнях.
Таксама ён кажа, што Украіне не патрэбная “акупацыйная аперацыя”. У ёй павінны браць удзел беларускія добраахвотнікі і апазіцыя. Гэта абсалютна ўваходзіць ва ўкраінскую стратэгію і бачанне сітуацыі ў Беларусі. Я ўвесь час кажу пра тое, што стратэгічная цікавасць Украіны - свабодная беларуская нацыя, якая знаходзіцца ў саюзніцкіх дачыненнях з украінцамі.
Другая выснова - гэта будзе дапамога беларускаму народу ў вызваленні краіны. Падкрэслю, мы гаворым пра тэарэтычныя сцэнары. Ці магчымы ён сёння? Наўрад ці. Пры правільнай стратэгічнай падрыхтоўцы - цалкам магчымы. Калі казаць пра ўкраінскую экспэртную супольнасць, то гэта адзін са сцэнарыяў, які абмяркоўваецца. Ёсць варыянт, што Лукашэнка неяк добраахвотна пойдзе на саступкі, другі варыянт - сілавы. Гэтыя мадэлі абмяркоўваюць.
Ці абароніць Пуцін Лукашэнку ў гэтай сітуацыі? Пуцін сябе не можа абараніць, аперацыя УСУ ў Курскай вобласці гэта паказвае. Лукашэнка гэта разумее і нярвуецца.
Што да Украіны, яна зацікаўлена ў стабільнасці на паўночнай мяжы. Аднак ёсць і сілы, і сродкі для таго, каб рэагаваць на тыя ці іншыя выклікі і правакацыі.