Аляксандр Каваленка: Расейцы страцілі кантроль над паветранай прасторай Крыма
10- 21.09.2023, 13:43
- 65,846
Нават падводную лодку ўжо "бамбанулі" крылатай ракетай.
Уначы 21 верасня Служба бяспекі Украіны і Вайскова-марскія Сілы нанеслі маштабны агнявы ўдар па вайсковым аэрадроме «Сакі» ў часова акупаваным Крыме.
У якія аб'екты маглі пацэліць? Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да ўкраінскага вайскова-палітычнага аглядальніка групы «Інфармацыйнае супраціў» Аляксандра Каваленкі:
- Перш за ўсё адзначу, што на тэрыторыі часовага акупаванага Крыму размешчана даволі-такі шмат цэляў. Аэрадром «Сакі» — адна з іх. На гэтым аэрадроме, па-першае, была вялікая колькасць расейскіх баявых самалётаў Су-24 і Су-30, якія выкарыстоўваюцца акупантамі ў аперацыях у паветранай прасторы Украіны на часова акупаваных тэрыторыях.
Па-другое, на гэтым жа аэрадроме знаходзілася і база падрыхтоўкі аператараў выведна-ўдарных беспілотнікаў тыпу Mohajer-6, якія пастаўляюцца з Ірана.
Можна разглядаць гэты ўдар як напад на авіяцыйны складнік расейскіх акупантаў, так і элемент удару па базе падрыхтоўкі аператараў. Гэта вельмі важна для прадухілення вядзення імі выведнай дзейнасці і карэкцыі ўдараў тых жа самых Shahed 136. Бо Mohajer грае ролю, скажам так, «дадатковага наводніка» для «Шахедаў».
Таму важна калі не знішчыць базу з «Шахедамі», то хаця б зліквідаваць пункт, дзе размяшчаюцца больш сур'ёзныя лятальныя апараты неаднаразовага выкарыстання.
- Якія цэлі маглі быць пашкоджаныя на аэрадроме «Сакі», акрамя тых, што Вы ўжо пералічылі?
- Сам аэрадром быў пад заслонай зенітнага ракетна-гарматнага комплексу малога радыюсу дзеяння «Панцыр-С1». Не выключаю, што менавіта гэты комплекс таксама быў пашкоджаны. Аб гэтым сведчыць паспяховасць трапляння ў самі аб'екты. Думаю, што мы неўзабаве ўбачым спадарожнікавыя здымкі і, магчыма, нават фота-відэа з'явяцца.
Падкрэслю, вынік нападу на "Сакі" быў дасягнуты комплексным выкарыстаннем рознага тыпу сродкаў знішчэння і сярод іх, не выключана, меліся і сродкі знішчэння сродкаў СПА.
- Апошнім часам расейцы хаваюць свае караблі, адводзячы іх з акваторыі Чорнага мора. Ці будуць яны таксама хаваць і самалёты?
- Расейцы так або інакш будуць вымушаныя гэта зрабіць, бо паветраную прастору Крыма яны ўжо абсалютна не кантралююць. Ужо цаляюць у расейскія комплексы СПА, той самы С-400 «Трыюмф». Калі ў іх ужо з такой лёгкасцю трапляюць, то ў чым праблема ліквідаваць кожны іншы аб'ект?
Нават падводную лодку ўжо "бамбанулі" крылатай ракетай. Разумееце, у сусветнай гісторыі не было выпадку, каб падводная лодка была пашкоджаная крылатай ракетай авіяцыйнага базавання!
Яны будуць змушаныя ў нейкі момант усвядоміць, што Крым не з'яўляецца бяспечным месцам не толькі для караблёў ды іхняй флатыліі, але і для авіяцыі.
Падкрэслю, Расея ўжо не кантралюе паветраную прастору над Крымам. У выніку чаго ідзе планамернае знішчэнне аб'ектаў расейскай вайсковай інфраструктуры на паўвостраве: тэхнікі, складоў і гэтак далей. Колькасць удараў будзе толькі расці. Мы спакваля ўсё знішчаем, а кампенсаваць расейцам гэта складана. Тыя ж самыя С-400, авіяцыю, а пра вайсковыя караблі няма чаго і гаварыць.
Чарнаморскі флот ужо стаў флатыліяй, якой неўзабаве не будзе бяспечна і ў Азоўскім моры. Тут адзінае выйсце для расейцаў — выхад унутранымі водамі баявых караблёў у Каспійскае мора.