24 красавiка 2024, Серада, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Дзярждуме РФ заклікалі навучаць школьнікаў шанаваць цара

33
У Дзярждуме РФ заклікалі навучаць школьнікаў шанаваць цара

Расея ўзяла курс на сярэднявечча.

У расейскую сістэму адукацыі прапанавалі вярнуць «Дамастрой» — кнігу пра сярэднявечны ўклад жыцця Русі, напісаную духоўнікам Івана Жахлівага пратапопам Сільвестрам. З такой ініцыятывай выступіў намеснік кіраўніка фракцыі ЛДПР у Дзярждуме Аляксей Дзідзенка.

На яго думку, вывучаць «Дамастрой» у абавязковым парадку павінны як школьнікі, так і студэнты, бо каштоўнасць шлюбу ў сучаснай Расеі «практычна нулявая», і больш за палову змацаваных у ЗАГСах саюзаў заканчваюцца разводамі.

«Гэта прыводзіць да змяншэння насельніцтва і крызісу інстытута сям'і. Вяртанне «Дамастроя» дапаможа пераадолець праблему. Гэта старажытнае кіраўніцтва аб побыце і сямейным жыцці павінна стаць прадметам у школах і ВНУ, каб нашы грамадзяне з дзяцінства вучыліся будаваць моцныя і шчаслівыя сем'і», - падкрэсліў Дзідзенка.

У «Дамастроі» тры часткі. У першай гаворыцца, як маліцца і паводзіць сябе ў царкве, у другой - як шанаваць цара, у трэцяй - як жыць у сям'і і весці гаспадарку.

Так, у кнізе вітаюцца збіццё падчас выхавання дзяцей: «Карай сына свайго змоладу і парадуешся аб ім у мужнасці». Такім чынам прапануецца абыходзіцца і з жонкай, каб яна была «чыстая і паслухмяная», але «караць беражліва»: «бізуном ветліва пабіць, за рукі трымаючы».

Апроч гэтага, «Дамастрой» вучыць баяцца цара і князя і служыць ім як прадстаўнікам бога на Зямлі.

У красавіку ў Дзярждуме была створаная працоўная група па ўкараненні ў школьную праграму ўрокаў сям'язнаўства. Дэпутатка Таццяна Буцкая прапанавала ўключыць у прадмет вывучэнне гісторыі сям'і і забараніць у краіне тэрмін «чайлдфры», каб засцерагчы расеек ад прытрымлівання такога ладу жыцця.

Таксама Буцкая заклікала сачыць за «гендэрам» грамадзян з дзіцячага садка. Яна падкрэсліла, што хлопчыкі павінны гуляць з машынкамі, а дзяўчынкі - у дочкі-маці, і папрасіла бацькоў звяртаць увагу на захапленні свайго дзіцяці. «Гендэрнасць закладваецца на ўзроўні дзіцячага садка. Дзяўчынка - мама, хлопчык - мужчынская праца», - заявіла дэпутатка.

Паводле звестак Расстата, у 2022 годзе колькасць народжаных у Расеі дзяцей скарацілася на 96 тысяч, да 1,306 млн, і стала мінімальнай з 2001 года. Агулам у краіне нараджальнасць выявілася ў 1,5 раза ніжэйшай за смяротнасць (1,905 млн).

Дэмаграфічная сітуацыя працягвае пагаршацца. За першы квартал 2023 года колькасць народжаных знізілася яшчэ на 2,9% - да 311,1 тысяч дзяцей.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках