18 красавiка 2024, Чацвер, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіст распавёў, што звязвае Сабаленку і Лукашэнку

14
Журналіст распавёў, што звязвае Сабаленку і Лукашэнку

Цяпер жа тэнісістка заявіла, што не падтрымлівае дыктатара.

Тэнісістка Арына Сабаленка доўга не выракалася падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі, бо ў свой час ён вельмі ёй дапамог. Пра гэта ў свежым выпуску на YouTube-канале «ЧестнОК» распавёў Яраслаў Пісарэнка.

З ягоных звестак, Сабаленка яшчэ да свайго спартовага ўзлёту, у юным узросце, падпісала нявыгадны кантракт з расейскім спартовым агентам. Імя агента трымаюць у таямніцы.

«Але ў кожным выпадку гэта чалавек не публічны, ягонае імя наўрад ці вам пра нешта скажа. Дык вось, гэты агент першым разгледзеў талент Арыны і падпісаў з ёй кантракт. Адпаведна з ягонымі ўмовамі ён стаў спонсарам Сабаленкі. Ён аплачваў ёй спаборніцтвы, пражыванне і гэтак далей. Але што гэта за кантракт, яна адчула крыху пазней, калі ў яе пачаліся салідныя прызавыя, але яна іх па факце не бачыла», - кажа Пісарэнка.

Агент аплачваў тэнісістцы ўсе выдаткі, але забіраў ільвіную долю прызавых выплат. Прычым кантракт быў доўгатэрміновы. «Па факце перад ёй вісела перспектыва, што за свае найлепшыя спартовыя гады яна не заробіць практычна нічога», — канстатуе журналіст.

Прававым спосабам гэтую калізію Сабаленка развязаць не магла, таму звярнулася да Лукашэнкі.

«Паводле маёй інфармацыі, пасярэднікам сустрэчы Лукашэнкі і Сабаленкі стаў Аляксандр Шакуцін. Чалавек, вельмі набліжаны да Лукашэнкі, яго называюць партманэтам Лукашэнкі. Таксама раней ён быў старшынём Федэрацыі тэніса Беларусі і, у прынцыпе, заўсёды быў вельмі блізкі да беларускага тэнісу», - дзеліцца інсайдам Пісарэнка.

Выявілася, што спартовы агент Сабаленкі быў заўважаны ў махінацыях (праўда, не ў выпадку з Сабаленкай): у Расеі на яго распачалі справу за махлярства. Як кажа журналіст, агенту прапанавалі выбар: ці скасаваць кантракт з Сабаленкай, ці адправіцца ў Расею, дзе яго чакае суд.

«І вось тут Сабаленка пазбавілася ад сваіх кайданоў, але набыла іншыя», – кажа Пісарэнка.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках