За год Лукашэнка перадаў РФ больш за 130 тысяч тон боепрыпасаў
16- 10.06.2023, 22:02
- 19,714
Перададзеныя боепрыпасы вязуць і ў Крым, і ў памежжа з Грузіяй.
Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі апублікавала звесткі вывазу боепрыпасаў з тэрыторыі Беларусі ў РФ і на часова акупаваныя тэрыторыі Украіны за год са студзеня 2022 да лютага 2023 г.
З гэтых звестак атрымліваецца, што за год рэжым Лукашэнкі перадаў РФ 131582 тоны боепрыпасаў.
Калі і колькі боепрыпасаў вывезлі з Беларусі?
Аб'ём вывазу боепрыпасаў за 13 месяцаў (студзень 2022 – студзень 2023) склаў 131 582 тоны. Такім чынам, у сярэднім за месяц вывозілася прыкладна 10121 тона. Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Пуціна ва Украіну абʼёмы былі ў дзясяткі разоў меншыя і пачалі расці адразу ж пасля 24 лютага.
У студзені і лютым 2022 года ў РФ было вывезена 203 тоны, а ўжо ў сакавіку 2022 г. у 12,5 разоў больш – 2558 тон. А ў наступным месяцы, у красавіку 2022 года, быў дасягнуты пік па абʼёмах вывазу боепрыпасаў у РФ за ўвесь аналізаваны перыяд – 29741 тона за месяц.
Другім месяцам па абʼёмах стаў студзень 2023 года – 24 421 тона.
Адкуль менавіта вывозілі боепрыпасы з Беларусі?
Найбуйнейшыя вывазы за аналізаваны перыяд праходзілі з 9-ці чыгуначных станцый на тэрыторыі Беларусі. Больш за ўсё набояў вывезлі з:
- 43–го арсенала ракет і боепрыпасаў (ЖД-станцыя Добруш) – 33 032 тоны
- 46-га арсенала ракет і боепрыпасаў ЖД-станцыя Бронная Гара – 28 507 тон
- 1405-я артылерыйская база (ЧЧ-станцыя Асіповічы-1) – 25 237 тон
Больш за 130 000 тон за год: Рэжым Лукашэнкі забяспечвае РФ боепрыпасамі, якія вязуць і ў Крым, і ў прымежжа з Грузіяй
Таксама вываз праводзіўся з чыгуначных станцый: Цэнтраліт (20 833 т.), Бабёр (7 993 т.), Рэчыца (10 523 т.), Баранавічы-Цэнтр. (1064 т.), Навабеліцкая (3588 т.) і Сцяпянка (805 т.).
Куды вывозілі боепрыпасы з Беларусі?
Набоі, перададзеныя рэжымам Лукашэнкі РФ, вывозіліся не толькі на тэрыторыю РФ, але і наўпрост на часова акупаваныя тэрыторыі Украіны, у тым ліку Крым, а таксама ў прымежжы з Грузіяй.
Станцыі, куды была дастаўлена найбольшая колькасць, наступныя:
- Бранск-Льгоўскі (Бранск, Бранская вобл.) – 25 022 тоны
- Ціхенькі (Краснадарскі край) – 11344 тоны
- Аляксееўка (Аляксееўка, Белгарадская вобл) – 10 513 тон.
Наўпрост у Крым набоі дастаўляліся на станцыі: Кіраўская (3 335 т.), Салёнае Возера (3 852 т.), Джанкой (561 т.) і Армянск (1 800 т.). Таксама варта адзначыць, што 7768 тон боепрыпасаў было дастаўлена на станцыю Лукоўскі (Маздокскі раён, Рэсп. Паўночная Асеція), якая знаходзіцца ў ≈110 км. ад мяжы з Грузіяй.
Куды вывозіліся набоі са станцыі Добруш?
Як ужо было сказана вышэй, больш за ўсё боепрыпасаў было адпраўлена са станцыі Добруш (Гомельская вобласць, Беларусь), побач з якой знаходзіцца 43–й арсенал ракет і боепрыпасаў. За год з Добруша ў РФ былі адпраўленыя рэкордныя 33032 тоны.
Адтуль боепрыпасы везлі і ў Крым, і ва Уладзімірскую вобласць, і ў памежныя тэрыторыі з акупаванымі Данецкам і Луганскам, і за 110 км. ад Грузіі.
Больш за ўсё боепрыпасаў са ст. Добруш вывезлі на ст. Палатоўка (Лівенка, Белгародская вобл), якая размешчаная за 40 км. ад мяжы з Украінай.
Прыведзеныя звесткі сведчаць аб маштабах уцягвання рэжыму Лукашэнкі ў вайну на баку Пуціна. Гэта яшчэ адзін доказ саўдзелу Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны разам з падаваннем палігонаў для навучання мабілізаваных УС РФ, ракетнымі ўдарамі з тэрыторыі Беларусі і, безумоўна, уварваннем УС РФ з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 года. Лукашэнка, як і Пуцін, – вайсковы злачынец, і ён павінен панесці за гэта адказнасць.