25 красавiка 2024, Чацвер, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цана кватэр у Беларусі пайшла ўгору

18
Цана кватэр у Беларусі пайшла ўгору

У Берасці і Гародні прадаўцы выставілі максімальныя за сем гадоў цэны.

У Менску пачынаючы з лістапада 2022 года, калі адбылося найбольшае за апошнія гады падзенне цаны жылля, квадратны мэтар падаражэў на 15% (з $1138 да $1317), сведчаць звесткі партала realt.by. Апошнім часам кватэры падаражэлі ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Гародні. Цэны на рынку нерухомасці - у матэрыяле «Белсату».

У першым квартале ў Менску былі зарэгістраваныя 3099 угод аб куплі-продажы кватэр. Гэта на 0,4% менш, калі параўноўваць з першым кварталам мінулага года, падлічыла Нацыянальнае кадастравае агенцтва.

У абласных цэнтрах гандаль ішоў больш жвава, калі глядзець у дынаміцы: за студзень-сакавік падпісаны 2370 кантрактаў, што на 9,1% больш у параўнанні з леташнім паказчыкам. Самым актыўным стаў Гомель (628 угод), менш за ўсё угод зарэгістравалі ў Магілёве (363).

Менская дарагоўля

У Менску ў лістападзе 2022 года адбылося найбуйнейшае з 2017 года падзенне цаны кватэр: за квадратны мэтар прасілі ў сярэднім $1138, сведчаць звесткі партала realt.by. З таго часу квадратны мэтар падаражэў да $1317 (плюс 15%). У сярэднім адзінка цяпер каштуе $50200, двойка - $65000, траячка - $90000. Для параўнання: у лістападзе за аднапакаёвыя кватэры прасілі $36800 (рост з тых часоў 37%), за двухпакаёвыя - $55300 (18%), за трохпакаёвыя - $77200 (17%).

Рыэлтары кажуць, што рынак нерухомасці ў сталіцы цяпер даволі чынны, асабліва другасны рынак. Цяпер рэгіструюцца ўгоды, аб якіх пачалі дамаўляцца яшчэ ў красавіку. Параўнальнае зацішша назіраецца на рынку новабудоўляў: чакаюць збавак ад забудоўнікаў. Можна прагназаваць, што ў траўні будзе зарэгістравана не менш за 1400 угод (у красавіку было 1509).

Гарадзенскі дысконт

У Горадні прадаўцы жытла, відаць, любяць таргавацца і не саромеюцца выстаўляць завышаныя цэны. У красавіку квадратны мэтар каштаваў у сярэднім $793 (максімум за 7 гадоў), аднак аналіз рэальных угод сведчыць, што адзін квадратны мэтар каштаваў у выніку на $100 танней.

З пачатку года квадратны мэтар стаў таннейшым пакупнікам на 2,4%.

У сярэднім аднапакаёўкі ў Гародні каштуюць $29000, двойкі - $34000, траячкі - $45000.

Берасцейскія скачкі

У Берасці, як і ў Гародні, прадаўцы выставілі максімальныя за 7 гадоў цэны: у красавіку ў сярэднім $866 за квадратны мэтар. Пры гэтым, мяркуючы з зарэгістраваных угод, квадратны мэтар трэсла: у студзені - $ 808, у лютым - $ 792, а ў красавіку - $ 831.

Квадратны мэтар у першым квартале падаражэў для пакупцоў на 2,9%.

За аднапакаёвыя кватэры ў Берасці просяць $31500, за двухпакаёвыя - $39500, за трохпакаёвыя - $48500. Тут самае дарагое жыллё ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі.

Гомельскі серадняк

Гомельская нерухомасць таксама падаражэла да 7-гадовых максімумаў. У красавіку за квадратны мэтар прасілі $704, а прадавалі за $660. З пачатку года ён падаражэў на 3,5%.

Адзінка ў Гомелі каштуе ў сярэднім $20000 (мінімум сярод абласных цэнтраў), двойка - $29500, траячка - $38500.

Магілёўскі максімум

У Магілёве цана квадратнага мэтра ў красавіку склала $690 у прапановах і $662 даляры - ва ўкладзеных пагадненнях. Цана не дасягала такіх паказчыкаў з верасня 2015 года. У першым квартале гэтага года квадратны мэтар падаражэў на 5% (максімальны сярод абласных цэнтраў рост).

Засяліцца ў аднапакаёўку ў Магілёве можна за $24000, у двойку - за $29000, у траячку - за $36500.

Віцебская таннасць

У Віцебску з пачатку года квадратны мэтар для пакупнікоў падаражэў на 4%: у студзені было $636, у красавіку - $662. Пры гэтым прадаўцы за квадратны мэтар прасілі ў студзені $642, а ў красавіку - $690. Паказчык цяпер на максімуме, пачынаючы з лістапада 2015 года.

Аднапакаёвыя кватэры каштуюць у сярэднім $22 000, двухпакаёвыя - $28 000 (мінімум сярод абласных цэнтраў), трохпакаёвыя - $35 500 (таксама самая нізкая цана).

Старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» сказала, што цэны падштурхоўвае попыт, які крыху вырас. Гэта выклікана зніжэннем стаўкі рэфінансавання, дзякуючы чаму крэдыты становяцца больш даступнымі.

«Мяркую, што асноўнай прычынай росту можа быць паляпшэнне ўмоў крэдытавання. За апошнія месяцы мы назіраем зніжэнне ставак крэдытаў. Гэта павялічае магчымасці для куплі кватэры. Плюс на дынаміку магло паўплываць леташняе зніжэнне цэн».

Пры гэтым эканамістка адзначыла, што сёлета попыт не такі вялікі, як летась, таму не варта цяпер гаварыць пра рост цаны жылля як пра нешта выключнае.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках