20 красавiка 2024, Субота, 16:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыбыткі Расеі ад экспарту газу ў ЕЗ упалі ў восем разоў

5
Прыбыткі Расеі ад экспарту газу ў ЕЗ упалі ў восем разоў

Расея страціла газавы вагар ціску на Еўропу.

«Расея страціла газавы вагар ціску на Еўропу», – сказаў Financial Times еўрапейскі чыноўнік, які займаецца энэргетычнай палітыкай, і ў яго ёсць усе падставы так сцвярджаць. Рэч не толькі ў тым, што кошт газу ў Еўропе ўпаў больш чым на 90% са жніўня 2022 г., калі дасягнуў піку ў выніку арганізаванай Уладзімірам Пуціным газавай блакады Еўразвязу з дапамогай скарачэння паставак «Газпрама». Перажыўшы энэргакрызіс, ЕЗ сарваўся з расейскай газавай «іголкі».

З мірнага сакавіка 2021 г. да сакавіка 2023 г. пастаўкі расейскага газу ў Еўропу абрынуліся на 74%, гаворыцца ва ўнутраным дакуменце Еўракамісіі (ЕК), з якім азнаёмілася FT. «Газпрам» жа (і праз яго – бюджэт Расеі, кіраўніцтву якой востра патрэбныя грошы на прадаўжэнне развязанай ім вайны) страціў дзясяткі мільярдаў даляраў.

Калі ў сакавіку 2022 г., калі кошты газу ўжо ляцелі ўгору, ЕЗ заплаціў за пастаўкі расейскага газу ў агульнай колькасці 21,4 млрд еўраў, то ў сакавіку 2023 г. – усяго 2,7 млрд еўраў, гаворыцца ў дакуменце ЕК. Гэта значыць, газавыя прыбыткі Расеі абрынуліся ў восем разоў.

Справіцца з энэргакрызісам ЕЗ дапамагло павелічэнне набыткаў у іншых пастаўшчыкоў, перш за ўсё – звадкаванага прыроднага газу ў ЗША, а таксама захады эканоміі. У жніўні летась ЕК увяла норму добраахвотнага скарачэння спажывання газу ў перыяд да сакавіка 2023 г. на 15% у параўнанні з сярэднім узроўнем за апошнія пяць гадоў. Пасля заканчэння ацяпляльнага сезону яе дзеянне было прадоўжанае яшчэ на год.

Паводле разлікаў ЕК, сёлета ЕЗ зэканоміць 60 млрд кубаметраў газу. Гэта «больш за той аб'ём газу, як трубаправоднага, так і ЗПГ, што мы ўсё яшчэ чакаем імпартаваць з Расеі ў 2023 г.», гаворыцца ў дакуменце ЕК. І на 8 млрд кубаметраў больш, чым блок зэканоміў у папярэднім раўндзе скарачэння спажывання.

Высокія кошты энэргарэсурсаў летась прымусілі шэраг еўрапейскіх кампаній скараціць выпуск прадукцыі або нават спыніць вытворчыя магутнасці. Млявы попыт на газ у прамысловасці – асноўная прычына падзення коштаў газу, электрычнасці і вугалю на 90% з пікавых адзнак, мяркуе Джэймс Хакстепп, стратэг у сыравінных рынках BNP Paribas. Свой унёсак таксама зрабілі мяккая зіма і іншыя захады эканоміі, у тым ліку з боку спажыўцоў.

Падзенне попыту на газ стала вынікам не «ўдачы», а прынятых летась антыкрызісных захадаў, уключаючы норму аб 15%-ным скарачэнні, сказала еўракамісарка энэргетыкі Кадры Сімсан у сераду на сустрэчы з іншымі кіраўнікамі ўстановаў ЕК. Таксама дапамаглі захады павышэння энэргаэфектыўнасці і паскоранае нарошчванне магутнасцяў у сферы аднаўляльнай энэргетыкі.

Калі ЕЗ сапраўды здолее скараціць спажыванне сёлета на 60 млрд кубаметраў, узнікне лішак прапановы, і «кошты ўпадуць вельмі-вельмі моцна», мяркуе Хенінг Глойштэйн, дырэктар у энэргетыцы, клімаце і рэсурсах Eurasia Group.

Кошт найбліжэйшага ф'ючэрса на газ Dutch TTF апусціўся ў чацвер да 25 еўраў / МВт г ($ 280 за 1000 кубаметраў), у той час як у канцы жніўня 2022 г. ён перавышаў 340 еўраў ($ 3600 за 1000 кубаметраў). Кошт амаль вярнуўся да ўзроўню 20 еўраў, які не перавышаў цягам дзесяцігоддзя да таго, як пачаў расці восенню 2021 г.

Праўда, рынак чакае павышэння коштаў да 44-48 еўраў / МВт г да сярэдзіны зімы. Некаторыя прамысловыя кампаніі, напрыклад французская Aluminium Dunkerque і нарвежская Yara International, зноў павялічваюць вытворчасць, карыстаючыся моцна патаннелымі энэргарэсурсамі. Але нават калі газ крыху падаражэе, «Газпраму» гэта не дапаможа.

Сукупныя пастаўкі з Расеі, паводле ўдакладненых звестак ЕК, упалі са 150,2 млрд кубаметраў у 2021 г. да 74,4 млрд у 2022 г. З пачатку гэтага года ЕЗ атрымаў ад Расеі ўсяго 10,8 млрд кубаметраў.

Паводле прагнозу камісіі Дзяржрады, сёлета «Газпрам» прадасць за мяжу ўсяго 50 млрд кубоў газу – мінімальны аб'ём з канца 1970-х гадоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках