28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамістка: Рэжым хоча пазбавіцца ад ІП як тыпу дзейнасці

7
Эканамістка: Рэжым хоча пазбавіцца ад ІП як тыпу дзейнасці

Умовы дзейнасці для прадпрымальнікаў усё больш пагаршаюцца.

Стаўленне ўладаў Беларусі да індывідуальных прадпрымальнікаў шмат гадоў заставалася насцярожаным, а пасля пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе прыкметна пагоршылася. Пра гэта ў калонцы для «Беларусь. Экспертыза» піша эканамістка Анастасія Лузгіна.

Эканамістка нагадала, што ў Менску ІП не рэгіструюць з 2021 года «праз тэхнічныя прычыны». З 2022 года ўводзяцца змены ў падаткаабкладанне, «якія наўрад ці можна назваць пазітыўнымі». Так, спачатку была павышаная стаўка, а потым і зусім скасаваная спрошчаная сістэма падаткаабкладання. У разы выраслі стаўкі адзінага падатку для ІП, а віды дзейнасці, якія яго могуць прымяняць, – скарочаныя.

З 2023 года была скасаваная магчымасць пазбегнуць двайнога падаткаабкладання ў пытанні ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і павышана стаўка падаходнага падатку. А цяпер рыхтуюцца папраўкі ў заканадаўства, якія абмяжуюць спіс тыпаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП.

«Унесеныя і запланаваныя папраўкі ў заканадаўства гавораць аб жаданні ўладаў пазбавіцца ад ІП як тыпу дзейнасці», – уважае Анастасія Лузгіна.

З ейных слоў, гэтыя змены падштурхоўваюць ІП на змену фармату працы, напрыклад, на адкрыццё юрыдычнай асобы. Але гэта зробіць адміністрацыйныя працэсы для іх больш складанымі і затратнымі. Некаторыя могуць перайсці ў разрад рамеснікаў, але і там ёсць шмат абмежаванняў у сферы дзейнасці.

Наступствы для ІП і эканомікі

Эканамістка адзначыла, што большасць людзей адкрываюць ІП у Беларусі таму, што не маюць ні дастатковых фінансаў, ні неабходных навыкаў і ведаў для стварэння юрыдычнай асобы. Часта пераход у разрад індывідуальных прадпрымальнікаў быў выкліканы немагчымасцю атрымліваць сродкі на жыццё і ўтрыманне сям'і іншымі спосабамі.

«У большасці развітых краін для індывідуальных прадпрымальнікаў створаны льготныя ўмовы дзейнасці і падаткаабкладання ў параўнанні з юрыдычнымі асобамі і наёмнымі працаўніком. Такім чынам, краіны, разумеючы, што менавіта ІП найбольш патрабуюць падтрымкі, стымулююць развіццё малога прадпрымальніцтва. Такі падыход разглядаецца развітымі краінамі як інвестыцыі ў будучыню, бо дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў стварае пажыўную глебу для далейшага развіцця бізнэсу», – адзначыла Лузгіна.

З ейных слоў, у Беларусі ўмовы дзейнасці ІП усё больш пагаршаюцца. І, уважае эканамістка, «у бягучых эканамічных умовах далёка не кожны ІП наважыцца на адкрыццё фірмы, а пераход у клас самазанятасці мае свае абмежаванні».

«З улікам дастаткова высокіх падатковых ставак, праблем з рэгістрацыяй і абмежаванага пераліку тыпаў дзейнасці клас ІП можа быць паступова знішчаны. Далейшае пагаршэнне бізнэс-асяроддзя і скарачэнне дробнага бізнэсу будзе зʼяўляцца дадатковым фактарам стрымлівання эканамічнага росту і даходаў насельніцтва», – падкрэсліла Лузгіна.

У 2021 годзе ў Беларусі было зарэгістравана больш за 273 тысяч ІП, якія прыцягнулі амаль 75 тысяч наёмных работнікаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках