18 красавiка 2024, Чацвер, 6:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чалавек з бульвара Сімона Балівара

2
Чалавек з бульвара Сімона Балівара

Краіна ўздыхнула радасна і вольна - як доўга мы гэтага чакалі!

Нечуванае шчасце абрынулася на краіну. Раптам. Не думалі і не чакалі. А тут, ні з пушчы ні з поля, ашаламляльная навіна - да нас едзе АДКБ. Гэта ж трэба, як пашанцавала! Кагадзе ў суздром суровым рэпартажы паказалі камандны пункт нашай супрацьпаветранай абароны. Там абмяркоўваюць пагрозу з усходняй мяжы - усім вядомы інцыдэнт у паветранай прасторы Бранскай вобласці. Зразумела, патрэбны ўзровень бяспекі быў уведзены неадкладна.

Ды толькі вось бяда, ваенныя стратэгі і верныя супольнікі прыйдуць да нас не заўтра. І нават не гэтым летам. А толькі ў далёкім снежні. Хто ведае, якім на той час будзе гэты свет. І ці не стане зноў на згоне другога ваеннага года наўздзіў актуальны бэтовэнскі шэдэўр «Абдыміцеся, мільёны». Час ідзе так дзіўна, што нават заўтрашні дзень спрагназаваць не выпадае. І толькі ў адным усё яшчэ можна не сумнявацца: старая імперская сістэма ўсё яшчэ тапырыцца, спадзеючыся ўзяць рэванш. У кожным пункце. Дзе пашанцуе.

Перадавая ваенная думка Еўразіі завітае да нас уласнай персонай. А калі нешта раптам ім перашкодзіць сабрацца менавіта тут і ў тым жа складзе, што і ў Ерэване, яны ўсё адно знойдуць сабе недзе зацішны куток. Нездарма ж на савецкіх адломках з такой упартасцю стваралі гэтую нязграбную абрэвіятуру - АДКБ. Як казаў адзін з натхняльнікаў гэтай задумы, усё ідзе паводле плану. З'едуцца стратэгі. Выслухаюць адзін аднаго. Вызначаць асноўныя кірункі. Правядуць мазгавы штурм пры ўмоўна круглым стале. Прымуць выніковы дакумент. І хто ведае, што будзе потым.

Ёсць, вядома, ужо вялікі досвед гэткіх зборняў і суровых вячорак. Узяць, напрыклад, той жа Казахстан. Ледзь пачалі абмяркоўваць калісьці ў вузкім коле здароўе Елбасы, як тут жа сама сабой узнікла думка ляцець неадкладна ў казахскія прасторы. Усім разам. І абавязкова з вайсковым кантынгентам, узброеным да зубоў. Візіт прайшоў удала. Садружнасць ганарыцца - такая акцыя на яе рахунку. І, калі зноў недзе пачне наракаць народ, чаму б той ранейшы чын не паўтарыць?

Толькі навошта гэты некарэктны напамін аб трывожных буднях бравай садружнасці, калі яшчэ адна вясна ўжо дасягнула апагею. Квітнее бэз. Пух дзьмухаўцоў лятае над зямлёй. А ў месцах будучай дыслакацыі ваяўнічага саміту так бурна і радасна закіпае будзённае жыццё шчаслівага народа, які раптам набыў такіх клапатлівых абаронцаў і заступнікаў у асобе бункерных сяброў, але і ўсяго дакучлівага нязменна АДКБ.

Такім чынам, Менск часоў вялікіх прадчуванняў. Рог вуліцы Захарава і Першамайскай. Сквер або бульвар (раўназначных прыкмет да халеры!) імя лацінаамэрыканскага героя Сімона Балівара. Дарожка. Рэдкія мінакі. Чалавек гадоў пад пяцьдзясят, цалкам рэспектабельны, уладкаваўшыся на садовай лаве і ні да каго не звяртаючыся, прамаўляе маналог. Поўны дакору і прытоенай крыўды.

Ён тут не хто-небудзь, а савецкі чалавек. Ягоны дзед ваяваў за гэтую краіну. І ў яго не ўзнікала з ёй нейкіх асаблівых супярэчнасцяў. На святы збіраліся ля брамы. Ішлі калонай на галоўную плошчу. І ўлада разумела цалкам, што гэта не натоўп тут бадзякуе, а ідуць тыя самыя людзі, ад якіх усе гэтыя начальнікі залежаць наўпрост. А потым пайшла нейкая хіба. І як гэта ў іх выйшла, што ўсе вакол нечым ім абавязаны. І я камусьці нешта вінен. Ды што тамака я! Выявілася нават, што мой дзед-нябожчык нібыта да канца не даваяваў. І нават для мяне яшчэ такое ў найбліжэйшай перспектыве прадбачыцца. Гэта хто ж так распарадзіўся? Я такую раскошу не запытваў!

Прыблізна такой магла быць гэтая гаворка ў вольным пераказе. Зразумела, усе моцныя словы і персаналіі са зразумелых прычынах прапушчаныя. Пагатоў, крыўдлівых грамадзян ён ніяк не закранаў. А дзень быў раскошны, вясновы. Мінакоў мала. Двое працоўных, прымайстраваўшыся непадалёк на кукішках, рамантавалі пакрыццё дарожкі. Выкалупвалі брускі і ўкладвалі зноўку. Нейкая дзяўчына збочыла з дарожкі і пабегла напрасткі па траўніку да пані з сабачкам на тым баку лужка: «А я Вас адразу пазнала!» Ніхто нікуды не спяшаўся. Але ніхто і не спыніўся, каб выслухаць маналог чалавека, які ні да каго канкрэтна не звяртаўся. Проста гаварыў.

Потым падняўся і пайшоў да скрыжавання. Марудліва, без пэўнай мэты. Магчыма, таму, што процьма травеньскіх свят цяжка даецца чалавеку ў гэтыя далёка не святочныя часы. Акрамя ўсіх нашых штатных нягод штосьці яшчэ, невядомае раней, павісла ў празрыстым паветры нязвыкла цёплага дня.

Аднак нават у такія няўцямныя часы наша накіраваная ў светлую будучыню краіна не дазваляла сабе разняволіцца. Яна нешта там збірала, скручвала, падточвала. І неўзабаве інфармацыйныя каналы разнеслі па ўсім свеце ашаламляльную навіну: у нас створаны ўнікальны ўзор супрацьтанкавага гранатамёта. І неўзабаве ён будзе запушчаны ў масавую вытворчасць. Краіна ўздыхнула радасна і вольна - як доўга мы гэтага чакалі!

Так што чалавек з бульвара або сквера Сімона Балівара нездарма паспяшаўся пакінуць гэты ўтульны куток нашай сталіцы. Хто ведае, як павернецца ўсё ў гэтым свеце. І ці не здарыцца так, што аднойчы на ягонае звычайнае пытанне "Хто там?" чыйсьці незнаёмы голас у дамафоне адкажа сцісла і строга: "Позва!" Звычайная рэч, калі з уліку яшчэ не зняты.

І трэба ўдзячна прымаць скаромныя ўсмешкі лёсу і позвы на слаўны вайсковы паход у адзін канец. Бо яны заўсёды ідуць у адным пакеце з найвышэйшым абяцаннем лепшага жыцця для ўсіх.

І мірнага неба над галавой.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках