25 красавiка 2024, Чацвер, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камень, нажніцы, забыццё

17
Камень, нажніцы, забыццё
Ирина Халип

Пазашлюбная ўнучка Сталіна.

Каб беларусам было не надта сумна жыць у чаканні перамен, дзяржава наважыла крыху разнастаіць наш вольны час і дапамагчы дакрануцца да прыгожага. Неўзабаве на Кастрычніцкай плошчы з'явіцца вялізны манумент у выглядзе каменнай бабы са сцягам і дзіцем. Ён будзе называцца "Беларусь адзіная". Праект зацверджаны і выбраны з ліку не менш грандыёзных. Манумент, мяркуючы з усяго, зойме ўсю плошчу і канчаткова ачысціць яе ад беларусаў, якія не так даўно свабодна блукалі па ёй са сцягамі. Цяпер сцяг будзе напэўна якога-небудзь шэра-брунатага колеру, а вакол каменнай бабы ўсталююць фалічнага кшталту слупкі, якія будуць сымбалізаваць шэсць абласцей Беларусі.

Нарэшце. Спраўдзілася. Мне ўвесь час здавалася, што саркафаг на Кастрычніцкай плошчы выглядае неяк сіратліва. Такі нязграбны, пачварны, убогі, падобны да ленінскага маўзалею, пры будаўніцтве якога скралі большую частку будаўнічых матэрыялаў. Ён выглядае настолькі самотным у цэнтры места, што яго нават пашкадаваць хочацца. І кавалак каменнага экскрэменту, які прымайстраваўся ў іншым канцы плошчы і сымбалізуе нулявы кіламетр, сітуацыю не ратуе. Трэба канечне ўвянчаць нашу бедную Плошчу яшчэ і бабай са сцягам і слупкамі, каб усім хлопцам-трулялятам было весялей.

Я пра хлопцаў успомніла не дзеля краснага слоўца: шмат гадоў ніяк не магла зразумець, адкуль узяўся гэты каменны азадак на пляцы ля аўтобуснага прыпынку і чаму гэта - нулявы кіламэтар. Якія паўтара каморніка (у арыгінале, вядома, грабары, але тут ужо сапраўды дзеля краснага слоўца, даруйце) вызначылі, што менавіта тут знаходзіцца цэнтар роднай краіны - гісторыя замоўчвае. Але потым я ўсё ж высветліла паходжанне гэтага азадку. Дзецям у малодшых класах беларускіх школ расказваюць, што менавіта туды, у гэты самы пункт на плошчы, аднойчы ў кастрычніку ўпала знічка. І беларускія дзеці пайшлі ўпоцемках па дарогах, бо гэтая знічка асвятляла ім шлях. Дарог, праўда, таксама не было, як, уласна, і пляцу. Увогуле, нашы з вамі продкі ў дзяцінстве блукалі па лясах і пракладвалі дарогі. Потым, калі ўсе дарогі былі пракладзеныя, а месты пабудаваныя, вось гэтае самае месца падзення знічкі назвалі нулявым кіламэтрам, дзяцей – “акцябратамі”, плошчу - Кастрычніцкай, а групу “акцябрат” - зорачкай. А вы думалі, проста так гэты каменны грудок на пляцы паставілі? Не, гэта нашы продкі-дзеткі нам яго здабылі на доўгую памяць.

Цяпер у “акцябрацкай” здабычы і саркафага з'явіцца суседка. Прызнаюся, я паспрабавала ўважліва разгледзець эскіз скульптурнай кампазіцыі "Беларусь адзіная" і зразумець, да каго гэтая каменная цётка будзе падобная: да Качанавай або да Ярмошынай? Дык вось, яна будзе яшчэ страшнейшая. Павязаная каменнай хустачкай, падобнай да хіджабу, страхотная статуя з рахітычным голым дзіцёнкам з у адной руцэ і кіем, на якім вісіць згорнутая ануча, у другой. Калі з гэтага трыюмфу дрэннага густу паспрабуюць зрабіць знак Беларусі, то прынясіце, калі ласка, іншы глобус.

А зрэшты, ляпіце на нашых пляцах, што жадаеце. Я разумею, вы маеце мала часу, і вы імкняцеся пазначыць тэрыторыю - загнюсіць краіну так, каб і потым вас не аддалі забыццю. Каб вадзілі экскурсіі па Менску часоў Лукашэнкі. Каб гэтыя каменныя вырадкі ператварыліся ў артэфакты і сталі часткай нашага жыцця. Каб Беларусь зненавідзелі тыя, хто яе па-сапраўднаму любіць, дзеля эстэтычных супярэчнасцяў (гэта ўсё ж была геніяльная фармулёўка Андрэя Сіняўскага - пра эстэтычныя супярэчнасці з савецкай уладай). Давайце, спяшайцеся. Я проста нагадаю, што на гэтай самай плошчы, якая тады называлася Цэнтральнай, некалі стаяў Сталін. Стаяў сабе, нікому не перашкаджаў. Дзевяць гадоў прастаяў. А аднойчы ўвечар плошчу ачапілі - дый скалупнулі помнік. Прычым менчукоў у аўтазакі не ладавалі, друкамі не білі - проста папрасілі адысці, і з іншага боку праспекта яны з цікаўнасцю назіралі, як бацьку народаў адпраўляюць на сметнік з дапамогай цягачоў і тросаў. І ніхто ні слязінкі не пусціў, глядзелі з азартам: ну што, скуляць з першай спробы ці не? Вага ж яго - сорак тон. Не ведаю, у якую вагавую катэгорыю трапіць каменная баба, пазашлюбная ўнучка Сталіна, але ў яе, відавочна, не выйдзе прастаяць гэтулькі ж, колькі выпала савецкаму крывасмоку.

І, дарэчы, паважаныя скульптары-аўтары, адзеньце, калі ласка, дзіцятка, якое ў левай руцэ ў «Беларусі адзінай», а то няёмка неяк, далібог. Ну хоць што-небудзь просценькае на яго начапіце - маршальскую форму, напрыклад.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках