19 красавiка 2024, Пятніца, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вікторыя - гэта перамога

15
Вікторыя - гэта перамога
Ірына Халіп

Некалькі слоў аб беларускай гераіні напярэдадні ейнага трэцяга прысуду.

Вікторыю Кульшу ўчора пачалі судзіць трэці раз. Спачатку - у Менску, потым - у Гомелі, цяпер - у Рэчыцы. І гэтая карусель можа стацца бясконцай для яе, бо артыкул 411 КК, паводле якога Вікторыю судзяць другі раз - «заўзятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі», - можа ўжывацца незлічоную колькасць разоў.

Вікторыя - з першай хвалі палітычных вязняў 2020 года. Тым яшчэ, можна сказаць, параўнальна шанцавала – усіх бралі паводле артыкулу 342 (тады яго яшчэ нават не называлі народным) і давалі два-тры гады, а то і “хатнюю хімію”. Гэта ўжо потым трывала ўвайшлі ва ўжытак і распальванне варожасці, і спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, і стварэнне экстрэмісцкага фармавання, што дазволіла павялічваць тэрміны і адпраўляць у лагеры надоўга. А першыя палітычныя вязні - восеньскі набор - адплачваліся параўнальна невялікімі тэрмінамі.

Вікторыю, якая адміністравала тэлеграм-канал «Кіроўцы 97%» і падвозіла ваду пратэстоўцам, прысудзілі да двух з паловай гадоў калоніі. Толькі пасля суда, калі дачцэ выпала сустрэцца з маці ў следчым ізалятары, сталі вядомыя страшэнныя драбніцы, якія даводзяць: няма маленькіх тэрмінаў. Можна не тое што за два гады, але і за пару месяцаў ператварыць жыццё чалавека ў такое пекла, пасля якога ён будзе аднаўляцца не менш, чым пасля дзесяці гадоў няволі. Калі Кульша яшчэ сядзела ў ізалятары, памёр ейны тата. За два тыдні да ейнага дня нараджэння. Дык вось, адміністрацыя турмы не паведаміла ёй пра гэта. Жудасную вестку пратрымалі ў сакрэце да дня нараджэння Вікторыі, каб раніцай крыкнуць у "кармушку": "Віншуем, твой бацька памёр!" Я не ведаю, што Вікторыя ім адказала, ведаю толькі, што яе неадкладна адправілі ў карцэр.

Потым было яшчэ некалькі пакаранняў карцэрам. Да прыкладу, у сакавіку 2021 года - за самаробную бел-чырвона-белую заколку, зробленую да Дня Волі. А за год, праведзены ў гомельскай калоніі, Вікторыя больш за месяц правяла ў штрафным ізалятары і пяць месяцаў у ПКТ. Яна, у сваю чаргу, некалькі разоў абвяшчала галадоўку - гэта, бадай, адзіная даступная зняволенаму форма пратэсту. А праз год пасля першага прысуду быў выязны суд ужо ў гомельскай калоніі, дзе Віцы дадалі яшчэ год тэрміна. І павезлі ўжо ў Зарэчча, што ў Рэчыцкім раёне - у іншую жаночую калонію, яшчэ больш жудасную, чым гомельская.

ВІКТОРЫЯ КУЛЬША

"Віка - крэмень", - сказала мне адна былая зняволеная той самай рэчыцкай зоны, якая паспела пазнаёміцца з Кульшай. Зрэшты, пагутарыць ім выпала вельмі мала - Вікторыю практычна адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар. За паўгода ў гэтай калоніі яна правяла ў штрафным ізалятары больш за тры месяцы, пасля чаго яе адправілі ў ПКТ. Лісты Вікторыі не даходзяць з сакавіка мінулага года. А цяпер - новы суд, які можа дадаць ужо не год, а два.

Вікторыя Кульша з тых, хто прыйшоў у супраціўленне толькі ў 2020 годзе. Але за гэтыя два з паловай гады яна прайшла такі шлях, які не ўсякі актывіст за чвэрць стагоддзя. «Мама скончыла 11 класаў, - расказала ейная дачка Аляксандра, - а потым нарадзіла мяне і вучылася завочна на юрыста. Працавала збольшага інжынерам у ахове працы, потым перайшла ў візавы цэнтр. Ніякіх адміністрацыйных і крымінальных спраў яна да 2020 года не мела. А ў 2019 годзе яна атрымала ліст падзякі ад адміністрацыі раёна. Я ж у тым жа 2019 годзе атрымала прэзідэнцкую прэмію за 1-е месца ў нацыянальным конкурсе». Летась Аляксандра ўзяла акадэмічны адпачынак, уладкавалася працаваць кельнеркай і завяла кацяня, каб не звар'яцець, уяўляючы, як здзекуюцца з ейнай маці. «Прэзідэнцкая прэмія» цяпер гучыць як здзек. А ўжо падзячны ліст ад раённай адміністрацыі ўвогуле - як кепскі недалужны анекдот.

Гэтак жа здзекуюцца ў рэчыцкай калоніі з Паліны Шарэнды-Панасюк, якую неўзабаве таксама будуць судзіць другі раз паводле таго ж артыкулу 411. Паліну забралі ў штрафны ізалятар адразу ж пасля этапу. Іх з Вікторыяй проста выправілі адной і той жа дарогай - цяжкай, хлюпотнай, пакутлівай, уяўна бясконцай.

Яна і будзе бясконцай. Роўна датуль, пакуль мы не пераможам. Па-мойму, гэта цудоўны стымул для нас.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках