26 красавiка 2024, Пятніца, 0:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супасці!

9
Супасці!

«Сіняпаласць» здохла, а Беларусь жыве!

Гляджу, слухаю, чытаю, прымаю, адмаўляю, абураюся, згаджаюся, рэагую, пішу, перапісваю, радуюся, злуюся, саромеюся, ганаруся, разумею, не прымаю, стрымліваюся, не стрымліваюся, ненавіджу, грэбую, трымаюся...

Гэтыя ўсе станы звязаны толькі і выключна з Беларуссю, з домам.

У многіх, упэўнены, гэтак жа.

Толькі вось супасці ў сваіх эмоцыях, пастановах, падыходах мы ніяк не можам.

І гэта я не пра зараз, а пра раней і крыху пра потым.

Шмат было спроб змяніць сітуацыю. Заўсёды перасякаліся розныя падыходы апазіцыйных цэнтраў, запраўленыя ладнай часткай гэбэшных сцэнарыяў. Рэдка былі ўзаемадапаўняльнымі, часцей канкурэнтнымі.

І ўсё ж удавалася ствараць рэальныя вокны магчымасцяў. І ўсе гэтыя вокны адчыняліся толькі дзякуючы вуліцы, на якую выходзілі як на бой. Гэта і быў бой, бітва са злом.

І толькі агульнанародныя пратэсты з гэтым злом скончаць. Трэба проста ўсім нам супасці ва ўсведамленні і прыняцці гэтага факта.

Пасля выпушчаных магчымасцяў заўсёды праходзілі разборкі, часцей за ўсё пад кіраўніцтвам гэбні. Іх мэта была зразумелая: дэмаралізаваць актывістаў, укараніць у апазіцыю яшчэ больш агентуры і забяспечыць рэжыму некалькі гадоў больш-менш спакойнага існавання.

Праз усё гэта трэба было прайсці і выдужаць.

Давалі рады і адчынялі новыя вокны магчымасцяў.

Пасля кожнага грамадскага выбуху ў Беларусі дадавалася палітвязняў. Іх вызвалялі толькі пад ціскам санкцый.

Няма іншага эфектыўнага інструмента для выратавання жыцця людзей, якіх Лукашэнка забівае ў турмах і калоніях.

Змякчаюцца санкцыі - узмацняюцца рэпрэсіі. Гэта факт, трагічны і шматразова пацверджаны.

У 2020-м, здавалася б, усё склалася, усе супалі ў сваёй нянавісці да рэжыму і людзі былі на мабілізацыйным піку, але зноў пачаліся вынаходкі.

Пратэсты, якіх спрабавала пазбегнуць не ўлада, а апазіцыя, якая ўдзельнічала ў «выбарах», былі прыгнечаныя, а дзясяткі тысяч людзей апынуліся ў турмах, дзе іх сёння зноў забіваюць, а мы зноў спрачаемся, ці патрэбныя санкцыі для іх вызвалення. Нават не для вызвалення, а для выратавання іх жыцця.

Тое, што адбываецца ў Беларусі сёння, жахліва. Лукашэнка ператварыў нашу краіну ў канцлагер.

Але шалёныя штодзённыя рэпрэсіі сведчаць аб тым, у якім страху ён жыве.

І яму ёсць чаго баяцца. З кожным арыштам, кожным прысудам, кожным карцарам для палітвязняў нянавісць да яго расце.

У канцлагеры не можа быць інакш: палонныя ненавідзяць наглядчыкаў, капо і начальніка лагера, і ўсе разам - вязні, наглядчыкі і капо - ненавідзяць каменданта.

Упэўнены, што пякучае жаданне пазбавіцца ад злачыннай зграі час ад часу адчувае і большасць так званых сілавікоў. Іх жаданні найперш не супадалі з нашымі, але яны абавязкова супадуць.

Як выдатна прымеціў аргентынскі пісьменнік Эрнэста Сабата «мінулае не заканчваецца для ўсіх адначасова».

Наша мінулае само сябе назвала «сіняпалым». Яно ўчапілася ў нас і ў краіну, спрабуючы знішчыць тых, хто ад яго вызваліўся, і падпарадкаваць тых, хто яшчэ не знайшоў у сабе сіл адкінуць гэтую «сіняпаласць».

Калі ўважліва прыгледзецца да рэжыму, то не так шмат адмарозкаў трымаецца за гэтую лядашчую ўладу і дубінкамі падпірае яе. Некалькі карнікаў, якія страцілі чалавечае аблічча і некалькі простых дурняў.

Толькі іх гэты рэжым корміць, поіць і ахоўвае. Для астатніх жыцця за Лукашэнкам ужо не будзе. Не для апазіцыі, а для ўсіх: ля кармушкі, не ля кармушкі, у горадзе ці ў вёсцы.

«Сіняпаласць» дасягнула той стадыі, калі яна патрэбна толькі жывёлам. Але не кожны, нават адмарозак, гатовы прызнаць сябе такім. Не кожны прыходзіць дадому, калі пасля ўсяго ў яго яшчэ засталося куды і да каго прыходзіць, і вучыць дзяцей быць быдлам.

Мы абавязкова створым новае акно магчымасцяў.

Калі яно адкрыецца нам усім абавязкова трэба ў эмоцыях і рашучасці супасці ў часе і прасторы.

Супасці і зразумець, што «сіняпаласць» здохла, а Беларусь жыве!

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Фэйсбук»

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках