23 красавiка 2024, aўторак, 14:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зло чыніцца ў цішыні

9
Зло чыніцца ў цішыні
Ірына Халіп

Гаварыць пра палітычных вязняў – наш агульны абавязак.

Што менавіта здарылася з Віктарам Бабарыкам, мы не ведаем дагэтуль. Нам не парупіліся паведаміць. І цяпер усе, хто хвалюецца за яго, змушаныя шукаць хоць нейкія паведамленні ў тэлеграм-каналах, аўтары якіх рыхтык гэтак жа не маюць поўнай інфармацыі, і варажыць: збіванне? катаванне? здзекі? хвароба? Дэманстрацыйнае маўчанне калгасных інстанцый узмацняе нянавісць да іх і страх за Бабарыку. Што ж там, трасца на вас, з ім адбываецца?

Мы не ведаем. І бачым, як спакваля грамадства адсоўвалі ад усякай інфармацыі аб палітычных вязнях. Ужо два месяцы ад Віктара Бабарыкі не прыходзяць лісты. Яшчэ раней да яго перасталі пускаць адвакатаў - зрэшты, і адвакатаў ён цяпер не мае: пазбавілі ліцэнзіі Лаеўскага і абодвух Пыльчанкаў - бацьку і сына, - а затым і Чыжыка. Спатканняў і тэлефанаванняў таксама не было даўно. Гэта значыць, Бабарыка застаўся без адвакатаў, лістоў, сувязі з родзічамі, і што з ім адбывалася ў наваполацкай калоніі да трапляння ў раённую лякарню, невядома. Адзін былы палітычных вязень, выйшаўшы на волю, кажа, што Бабарыка ў штрафным ізалятары. Іншы - што ён у ПКТ. І першае, і другое - праўда на момант вызвалення кожнага з былых палітычных вязняў. Але ў калоніі ўсё можа змяніцца вельмі хутка, і адсутнасць інфармацыі, якая рэгулярна паступае на волю – з лістоў, з размоў з адвакатам – развязвае рукі не толькі наглядчыкам, але і вязням, што супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.

Гэта старая тактыка поўнай ізаляцыі, якую рэжым пачаў укараняць яшчэ гадоў дзесяць таму, а цяпер, за апошнія гады, давёў да дасканаласці. Таму і няма вестак ад Мікалая Статкевіча ўжо амаль тры месяцы, таму і не пусцілі адваката да Алены Лазарчык ні разу з канца студзеня - з моманту яе прыбыцця ў гомельскую калонію. Чалавека пазбаўляюць тэлефанаванняў, лістоў, спатканняў, сустрэч з адвакатам, а ўнутры зоны іншым зняволеным пад страхам штрафнога ізалятара забараняецца нават вітацца з палітычным. Палітычны вязень павінен адчуць пільную, невыносную, татальную адзіноту, пазбавіцца ўсякай апоры, усякай мыліцы, на які можна абаперціся, няхай гэта нават будзе сказанае шэптам «дабрыдзень». І няхай ён вар'яцее разам са сваімі блізкімі, якія пакуль застаюцца па гэты бок кратаў.

А галоўнае - у гэтым інфармацыйным вакууме можна вычвараць усё, што хочаш. Пашанцавала, што Бабарыка мае вядомае прозвішча: нехта з лекараў наваполацкага шпіталю ўбачыў, расказаў знаёмым – і мізэрная інфармацыя без драбніц здарэння пратачылася праз краты і забароны. А колькі палітычных вязняў цяпер недзе ў медсанчастцы або ў раённай лякарні пасля такіх жа збіванняў, катаванняў і здзекаў? Мы не ведаем. Паводле звестак «Вясны», у наваполацкай калоніі адбываюць тэрмін 87 палітычных вязняў. А зараз давайце правядзём невялікі эксперымент: колькі прозвішчаў палітычных вязняў з ПК-1 Вы можаце адразу назваць? Упэўнена, што Вы назавяце два: Бабарыка і Лосік. Журналісты могуць назваць чатыры – дадаць мэдыямэнэджэра Андрэя Аляксандрава і фрылансера «Свабоды» Андрэя Кузнечыка. І ўсё.

А ці кажуць вам што-небудзь прозвішчы Комбуль, Малюга, Паўленка, Цімашчук? Нічога. Мне таксама. А гэта палітычныя вязні з той самай калоніі. Але калі іх даставяць у наваполацкую лякарню, ніхто з персаналу не зверне на гэта ўвагі і нікому не паведаміць - ці мала люду прывозяць. Так што мы не ведаем не толькі сапраўдную колькасць палітычных вязняў. Нават сярод тых, хто імі прызнаны, нам невядомая дакладная колькасць тых, хто цяпер падпадае пад катаванне і здзек.

Дарэчы, наконт колькасці. Днямі ў дзяржаўным тэлеэфіры з'явілася інтэрвію з бізнэсоўцам Дзмітрыем Богушам. «Інтэрвію-раскаянне», як ахрысцілі яго самі прапагандысты. Але рэч не ў змесце інтэрвію. Не ў тым, як яны паказвалі, што пайшлі насустрач аблуднай авечцы і дазволілі размаўляць на «галоўным тэлеканале краіны». І не ў тым, як камера прагна, юрліва лавіла буйным планам абавязкова той момант, калі на вачах у чалавека выступаюць слёзы. Проста выявілася, што Зміцер Богуш ужо некалькі месяцаў сядзіць у следчым ізалятары за каментары ў сацыяльных сетках. Але ні ў якіх спісах праваабаронцаў яго няма. І гэта не віна праваабаронцаў. Гэта страх сваякоў, якія думаюць, быццам у поўнай цішыні чалавек мае больш шанцаў адплаціцца ўмоўным тэрмінам. Але яны памыляюцца. Умоўныя тэрміны з таго самага жніўня ўжо не даюць. А за шчырае раскаянне і ўгоду са следствам даюць іншы раз нават больш, чым без іх, як гэта здарылася, да прыкладу, з Юрыем Зянковічам. Менавіта ў цішыні робіцца абсалютнае зло.

Не скажу, што публічнасць роўная бяспецы: у Беларусі бяспечных месцаў не засталося, і ўжо пагатоў у турмах. Але чым мацней і часцей гучаць прозвішчы палітычных вязняў, тым большая імавернасць, што ў сітуацыі, падобнай да той, у якой апынуўся Віктар Бабарыка, хтосьці з лекараў, медсясцёр, санітарак, рэгістратараў сапраўды гэтак жа пазнае прозвішча і раскажа хаця б сябрам. А сярод іх абавязкова знойдзецца той, хто паведаміць журналістам або праваабаронцам. І тады тварыць зло, пра якое ніхто ніколі не даведаецца, ужо не выйдзе. Папраўляйцеся хутчэй, спадар Віктар.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках