28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускім палітычным вязням патрэбная дапамога проста зараз

22
Беларускім палітычным вязням патрэбная дапамога проста зараз
Наталля Радзіна

Толькі абараняючы нашых герояў, мы можам уратаваць Беларусь.

Аб сітуацыі з вязнямі сумлення піша галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна.

У беларускіх турмах бяскарна і на вачах абыякавага свету забіваюць людзей. Вось ужо 70 дзён няма ніякай інфармацыі пра лідэра беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча. Няма ні лістоў, ні тэлефанаванняў, да яго не дапускаюць нават адваката, не кажучы ўжо пра сваякоў. Ці жывы ён? Ніхто не ведае. У якім ён стане пасля трох перанесеных ковідаў, пасля доўгага знаходжання ў адзіночнай камеры і штрафным ізалятары адной з самых страшэнных беларускіх турмаў у Глыбокім? Невядома.

Так, Захад заняты вайной ва Украіне. Там адбываюцца жахлівыя ваенныя злачынствы, але ці можна на гэтым фоне заплюшчваць вочы і адмахвацца ад таго, што адбываецца з людзьмі ў нашай краіне? Справа Мікалая Статкевіча – не адзіная. Тысячы людзей у турмах сёння зазнаюць жахлівае абыходжанне і катаванні, мы ведаем толькі частку таго, што адбываецца з нямногімі з іх. Паліна Шарэнда-Панасюк месяцамі ўтрымліваецца ў штрафным ізалятары калоніі для жанчын-рэцыдывістак, ейны стан здароўя сур'ёзна пагоршыўся. Вікторыя Кульша там жа пасля галадоўкі і здзекаў страціла 20 кілаграмаў вагі і знясілела. Ксенія Луцкіна можа памерці ў зняволенні ад раку мозга. Яўген Афнагель страчвае зрок. Андрэю Войнічу патрэбная пільная перасадка пячонкі...

У лістах, нават калі яны даходзяць, палітычныя вязні праз цэнзуру практычна нічога пра сябе не паведамляюць. Адвакаты, напалоханыя пагрозай пазбаўлення ліцэнзіі ды арыштамі сваіх калег, вельмі негаваркія і не ідуць на кантакт ні са сваякамі, ні тым больш з праваабаронцамі і журналістамі.

Спісы праваабарончага цэнтру “Вясна” далёка няпоўныя: колькасць палітычных вязняў у Беларусі, мяркуючы з таго, што арышты адбываюцца штодня больш як два гады, ужо мае дасягнуць 8-10 тысяч чалавек.

Аповеды сваякоў палітычных вязняў поўныя болі і крыўды. Што кажуць? Што, здаецца, іхнія блізкія забытыя і нікому не патрэбныя. Што дапамогі сем'ям вязняў сумлення ад створаных за мяжой фондаў практычна няма. Што салідарнасці сотняў тысяч эмігрантаў, якія з'ехалі ў 2020-21 гадах з Беларусі, практычна не адчуваюць.

Шмат пытанняў да Ціханоўскай і ейных структур. Чым займаюцца гэтыя «кабінеты», «сядзібы», «каардынацыйныя рады» за мяжой? Імітацыяй, надзіманнем шчок, стварэннем чарговых фондаў, зборам сродкаў на сябе любых, балбатнёй і бессэнсоўнымі ў сваёй фанабэрыі ваяжамі па свеце?

Дзе заходнія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі? Чаму іх няма больш за год? Нехта ж лабіюе іх неўвядзенне на працягу такога працяглага тэрміну, нягледзячы на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека дарэшты? Ізноў жа пытанне: навошта замежныя выправы Ціханаўскай і кампаніі, калі ціск на рэжым не ўзмацняецца, а толькі слабее, і ўжо нават пайшлі небяспечныя размовы аб імавернасці зняцця еўрапейскіх санкцый з беларускага калію?

Пытанні, пагадзіцеся, справядлівыя, і боль сем'яў палітычных вязняў зразумелы.

Тым не менш, менавіта салідарнасць ратуе жыцці. Што, напрыклад, мы можам зрабіць канкрэтна цяпер для Мікалая Статкевіча? Праводзіць акцыі салідарнасці, пікетаваць парламенты і ўрады краін, у якіх знаходзімся, патрабуючы ўзмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Звяртацца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, заклікаючы іх рэагаваць на здзекі з палітычных вязняў. Заклікаць Сацыялістычны інтэрнацыянал і еўрапейскіх сацыял-дэмакратаў звярнуць увагу на лёс лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў. Прасіць заходніх палітыкаў пісаць лісты начальніку Глыбоцкай калоніі і ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС (чыноўнікі на гэта змушаныя рэагаваць і баяцца міжнароднага розгаласу). Еўрапейскімі «апекунамі» Мікалая Статкевіча з'яўляюцца дэпутат нямецкага Бундэстага Маргарэт Баўс і кіраўнік фракцыі сацыялістаў у парламенце Швайцарыі Ражэ Нордман. Трэба дамагацца іхняй рэакцыі і ўключэння ў барацьбу за жыццё чалавека.

Палітычным вязням патрэбная неадкладная дапамога. Толькі абараняючы нашых герояў, мы можам уратаваць Беларусь.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайту Charter97.org

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках