29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Страх расейцаў апынуцца ў Крыме даў свой плён

10
Страх расейцаў апынуцца ў Крыме даў свой плён

Запэўніванням акупацыйных уладаў ніхто не верыць.

Нягледзячы на запэўніванні акупацыйных уладаў, што «ўсё ідзе паводле плану», сёлета турыстычны сезон у Крыме пагражае стаць самым правальным за дзесяцігоддзі. Страх расейцаў апынуцца ў адпачынку на тэрыторыі, дзе вось-вось у выніку контрнаступлення УСУ могуць здарыцца баявыя дзеянні, ужо даў свой плён: рэзерваванне зменшылася ўдвая.

Падрабязней пра сітуацыю чытайце ў матэрыяле OBOZREVATEL.

Небяспечная дарога

Паветраная брама ў акупаваны Крым для цывільных рэйсаў зачыненая ўжо больш за год - з дня пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. З таго часу забарона на палёты рэгулярна працягваецца, аднак думаць, што неўзабаве нешта зменіцца ў лепшы бок для расейцаў, сама меней наіўна.

Немагчымасць менавіта прыляцець у Крым на адпачынак адразу ж «зрэзала» 30% расейскіх «турыстаў». Адлегласць, напрыклад, ад Масквы да Ялты - блізу 1800 км. Прыкладна столькі ж і да іншых гарадоў на ўзбярэжжа паўвострава - а гэта, калі ехаць на аўтамабілі, мінімум адзін, а то і два начлегі.

Больш за дзень займае і дарога на цягніку, але і тут ёсць нюанс. У кастрычніку 2022 года адбыўся выбух на Крымскім мосце, у выніку якога абрынулася некалькі пралётаў, а рух на некаторы час спынілі. Гэта стала халодным душам для расейцаў.

«Расейцы раптам усвядомілі, што па шляху на адпачынак можна ж і загінуць – і пачалі імкліва касаваць рэзерваванне. У выніку быў сарваны не толькі аксамітны сезон, але і найболей дарагі - навагодні. Сітуацыя была практычна аднолькавая што ў санаторыях і гатэлях, што ў прыватным сектары - загрузка ўсяго толькі ад 10 да 60%. Рызыкнулі прыехаць пераважна расейскія бюджэтнікі, якім туры выдалі за смешныя грошы - 10-20% ад кошту, ну і сілавікі - для іх гэта было і зусім бясплатна», - распавяла крымчанка, якая добра знаёмая з сітуацыяй у турыстычным бізнэсе.

Нягледзячы на леташнія запэўніванні крымскай акупацыйнай улады, што «ўсё будзе як заўсёды», рэаліі паказалі іншае: толькі паводле афіцыйных звестак з РФ (а яны звычайна вельмі заніжаныя) струмень турыстаў на паўвостраў знізіўся на траціну ў параўнанні з 2021 годам.

Правал быў змушаны прызнаць і «кіраўнік» акупаванага Крыму Сяргей Аксёнаў, праўда, пракаментаваў даволі скупа - заявіў, што «сезон паўнавартасна не адбыўся».

Цяпер Аксёнаў працягвае пераконваць, што ўжо сёлета «ўсё будзе выдатна» – гэта пераважна адрасаванае, вядома ж, патэнцыйным «грашовым партманэтам» з Расеі. Але яны не настолькі аптымістычныя.

«Сюды прыедуць толькі вар'яты»

Паводле звестак, якія агучылі ў Асацыяцыі малых гатэляў Крыму, на сакавік 2023-га рэзерваванне нумароў на лета складае 15% у Севастопалі, 10% на Паўднёвым беразе (Ялта, Алушта, Гурзуф і г.д.) і ўсяго 5% - на заходнім узбярэжжы АРК. І гэта вытлумачальна.

Сотні кіламетраў пляжаў паўвострава ўжо перакапаныя траншэямі, якія павінны перашкодзіць патэнцыйнай высадцы ўкраінскага дэсанта. Прычым той жа Аксёнаў 11 сакавіка ў інтэрв'ю расейскаму дзяржаўнаму інфармагенцтву пацвердзіў гэта, а страх паспрабаваў замаскаваць словамі: «Беражонага бог беражэ. І я ў пазіцыі заўсёды выступаю: хочаш міру - рыхтуйся да вайны. Таму лепш мы будзем гатовыя».

Неаднаразовыя заявы ўладаў Украіны аб непазбежным вызваленні Крыма і чаканы ўсімі контрнаступ УСУ прымусіў большасць расейцаў адмовіцца ў 2023 годзе ад паездак на паўвыспу.

«Пасля ўдараў беспілотнікамі па вайсковых аб'ектах тоненькі струмень рэзервавання ў прыватны атэль, дзе працуе мая сястра, і зусім спыніўся. Пасля гэтага сюды прыедуць адпачываць толькі ненармальныя. У размове з турыстамі, якія адмовіліся, стала зразумела: расейцы думаюць, што летам вайна прыйдзе ў Крым. А мы з раднёй вельмі, вельмі чакаем вызвалення», - падзялілася ў размове з OBOZREVATEL жыхарка Еўпаторыі.

Асцярожна, на відэа ненарматыўная лексіка!

Пра тое, што расейцы губляюць цікавасць да адпачынку ў Крыме, ужо заявілі расейскія СМІ і віцэ-прэзідэнт Альянсу турагенцтваў Расеі Аляксан Мкртчан. Паводле яго слоў, рэзерваванне тураў на паўвостраў зменшылася ўдвая ў параўнанні з 2022 годам. Такая сітуацыя ў сваю чаргу прывяла да значнага росту кошту адпачынку на Чарнаморскім узбярэжжы Краснадарскага краю. Кошты, напрыклад, у Сочы ўжо зраўняліся, а то і пераплюнулі Турцыю, Егіпет і ААЭ з іх all inclusive.

На гэтым фоне некаторыя расейцы чакалі, што кошты адпачынку ў Крыме знізяцца, аднак гэтага не адбылося. Дакладней, невялікія зніжкі былі ў сакавіку і будуць у красавіку, аднак з траўня кошт адпачынку будзе толькі расці. Вось толькі імавернасць, што ён можа стацца «з агеньчыкам», вельмі вялікая.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках