16 красавiка 2024, aўторак, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Будучыня Беларусі – у Еўропе»: Беларусы Вільні адзначылі Дзень Волі

3
«Будучыня Беларусі – у Еўропе»: Беларусы Вільні адзначылі Дзень Волі

Сотні бел-чырвона-белых сцягоў у цэнтры літоўскай сталіцы.

На Лукішскім пляцы ў цэнтры Вільні сабраліся сотні беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі, каб адзначыць Дзень Волі – 105-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арганізатарам мітынгу выступіў літоўска-беларускі фонд «Дапамога». Беларусы выканалі гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Пагоню», а потым заслухалі зварот старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы.

Перад прысутнымі выступіў дэпутат Сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна і кіраўніца фонду «Дапамога» Наталля Калегава і іншыя.

Эмануэліс Зінгерыс павіншаваў беларусаў з фактычным Днём незалежнасці. Літоўскі парламентарый зазначыў, што разумее, наколькі цяжкая сёння сітуацыя ў Беларусі. Таксама ён зазначыў, што беларусы – гэта еўрапейскі народ, які абавязкова даб'ецца свабоды, а будучыня нашай краіны – у Еўразвязе і NATO. Зінгерсіс адзначыў, што Літва заўсёды будзе на баку беларусаў, якія змагаюцца. Таксама літоўскі палітык заклікаў ушанаваць хвілінай памяці загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў.

Потым выступала Наталля Радзіна. Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org адзначыла ролю айцоў-заснавальнікаў БНР у беларускай гісторыі:

НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

– 105 гадоў таму сапраўдныя патрыёты Беларусі абвясцілі незалежнасць нашай краіны. Умовы былі вельмі цяжкімі – ішла Першая сусветная вайна, наступалі бальшавікі. Тым не менш беларусы знайшлі ў сабе сілы і мужнасць, каб зрабіць гэты важны крок. Цяпер у нас таксама цяжкая сітуацыя. Блізу 30 гадоў у краіне кіруе дыктатура, якая сёння стала суўдзельніцай вайны супраць Украіны, на тэрыторыі краіны размешчаныя расейскія войскі, але, тым не менш, у нас сёння нашмат больш шанцаў, каб дамагчыся свабоды для Беларусі. І мы можам зрабіць вельмі шмат.

Па-першае, неабходна дапамагаць палітычным вязням. Тысячы людзей сёння знаходзяцца ў турмах, а іх родныя засталіся без дапамогі. Я маю зносіны са шматлікімі сем'ямі вязняў сумлення і ведаю, што сітуацыя вельмі цяжкая. Таму кожны з вас можа і павінен прапаноўваць дапамогу палітвязням. Вы можаце пералічваць грошы ў фонды, якім вы давяраеце, але кожны можа ўзяць пад апеку хоць бы адну сям'ю палітвязня, таму што гэтыя героі сёння пакутуюць за ўсіх нас. Яны ахвяруюць сваім здароўем, сваёй свабодай, і сваімі жыццямі дзеля нашай з вамі будучыні. Рабіце адрасную дапамогу сем'ям палітвязняў. Не кідайце сваіх герояў.

Па-другое, неабходна прапаноўваць дапамогу незалежным медыя, якія працуюць на Беларусь. Іх праца вельмі важная, яны даносяць да беларусаў інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне, што адбываецца ва Украіне.

Трэцяе: неабходная дапамога беларускім добраахвотнікам, якія сёння ваююць ва Украіне. Гэтыя хлопцы сёння таксама ахвяруюць сваімі жыццямі дзеля вольнай будучыні Беларусі. Кожны можа дапамагчы беларускім добраахвотніцкім падраздзяленням тым, чым можа. Нехта можа пайсці сам ваяваць, нехта можа прапанаваць фінансавую і гуманітарную дапамогу.

Чацвёртае і вельмі важнае: неабходна ўзмацняць міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі, неабходна патрабаваць узмацнення эканамічных санкцыяў супраць дыктатуры. Вось гэта і ёсць праца для дыяспараў. Людзі ўнутры краіны не могуць дамагацца санкцый, бо іх за гэта чакае немінучы арышт. Дыяспары ў краінах Еўразвязу і ЗША абавязаныя праводзіць дэманстрацыі і сустракацца з заходнімі палітыкамі, патрабаваць ад іх яшчэ большага ціску на рэжым Лукашэнкі.

Цяпер ёсць пагроза, што будуць знятыя санкцыі з беларускага калію. Мы ведаем, што рэжым Лукашэнкі лабіруе зняцце абмежавальных захадаў з гэтай асноўнай сыравіны, якая ідзе на экспарт. У гэтым хаваецца вялізная небяспека, паколькі рэжым у гэтым выпадку атрымае мільярды еўраў, якія пойдуць на рэпрэсіўны апарат, на прадаўжэнне катаванняў палітвязняў у турмах.

Шмат гаворыцца пра сінхранізацыю санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму і расейскага. Сінхранізацыя павінна адбывацца як узмацненне санкцый, а не іх паслабленне. Як мы ведаем, Захад не ўвёў абмежаванні на расейскі калій. Калі сінхранізацыя будзе ў тым, што санкцыі знімуць і з беларускага калію, то гэта будзе азначаць адназначнае патуранне для нелегітымнага беларускага кіраўніка. Мы павінны зрабіць усё, каб не дапусціць гэтага!

Дарагія беларусы, у нас ёсць шмат працы і мы можам зрабіць вельмі шмат. Самае галоўнае – мы не павінны страчваць веры і ўпэўненасці ў сваіх сілах. Мы сапраўды еўрапейская нацыя. Я ўпэўненая, што мы даможамся свабоды і ў будучыні станем паўнавартаснымі сябрамі Еўрапейскага звязу, – заявіла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках