19 красавiка 2024, Пятніца, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Схемы»: Беларуская дзяржкампанія дапамагала «Матор Січ» гандляваць з Іранам у абыход санкцый

7
«Схемы»: Беларуская дзяржкампанія дапамагала «Матор Січ» гандляваць з Іранам у абыход санкцый

Апублікаваныя дакументальныя довады.

Украінскае прадпрыемства «Матор Січ» да вайны супрацоўнічала з некалькімі фірмамі з Ірана, якія цяпер знаходзяцца пад украінскімі ж санкцыямі, а пасярэднікам служыла беларуская дзяржаўная кампанія «Белзамежпрамсэрвіс», якая дапамагала абыходзіць заходнія санкцыі. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні праекта «Схемы».

У сакавіку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў санкцыі РНБА супраць шэрагу іранскіх кампаній. Нагадаем, афіцыйны Кіеў уважае Іран за суўдзельніка ваенных злачынстваў Расеі.

У санкцыйным спісе РНБА «Схемы» выявілі некалькі фірмаў, з якімі супрацоўнічала стратэгічнае ўкраінскае прадпрыемства «Матор Січ» пад кіраўніцтвам Вячаслава Багуслаева, цяпер падазраванага ў дапамозе дзяржаве-агрэсарцы і калабарацыянізме.

На сцвярджэнні журналістаў, у іх распараджэнні ёсць дакументальныя довады супрацоўніцтва «Матор Січ» з іранскімі кампаніямі, супраць якіх краіны Захаду да таго часу ўжо ўвялі санкцыі.

Напрыклад, адна з іх - Design and Manufacturing of Aeroengines (DAMA) - датычная да распрацоўкі дронаў Shahed-171 і Shahed-136, якімі расейскае войска масава атакуе ўкраінскія гарады. Еўразвяз увёў санкцыі супраць DAMA яшчэ ў 2012 годзе, у 2022 годзе да іх далучыліся і ЗША.

Пры гэтым, як вынікае з расследавання, пасярэднікам-прадаўцом у пагадненні выступіла беларуская дзяржаўная кампанія «Белзамежпрамсэрвіс». Яна павінна была атрымаць авіярухавікі ад вытворцы - «Матор Січ», а затым прадаць іх іранцам у абыход заходніх санкцый супраць Тэгерана.

У сваю чаргу, «Белзамежпрамсэрвіс» сам знаходзіцца пад санкцыямі ЗША праз гандаль з вайскова-прамысловым комплексам Сірыі і Ірана.

Паводле звестак журналістаў, кіраўнік іранскай DAMA Хусэйн Насір сустрэўся з гендырэктарам «Белзамежпрамсэрвісу» Аляксандрам Кучынскім і начальнікам дэпартамента замежнаэканамічнай дзейнасці «Матор Січ» Алегам Дзюбам у чэрвені 2021 года ў Менску. У той жа год у Беларусь неаднаразова прыязджаў і сам кіраўнік «Матор Січ» Вячаслаў Багуслаеў.

Таксама апублікаваны ліст Багуслаева на імя Хусэйна Насіра (з копіяй Аляксандру Кучынскаму), з якога можна зрабіць выснову, што супрацоўніцтва ажыццяўляецца з 2012 года. Акрамя таго, у лісце гаворыцца, што наўпроставая ўгода з Іранам уяўляе пагрозу для ўкраінскай карпарацыі, таму мэтазгодна ўключыць у схему «Белзамежпрамсэрвіс» у якасці пасярэдніка.

Нагадаем, 83-гадовага прэзідэнта «Матор Січ» Вячаслава Багуслаева затрымалі летась паводле падазрэння ў калабарацыянізме (арт.111-1 КК Украіны) і дапамозе дзяржаве-агрэсарцы (арт.111-2 КК Украіны). Паводле аналагічных абвінавачанняў быў затрыманы і Алег Дзюба.

Журналісты праекта «Схемы» сцвярджаюць, што ў Вячаслава Багуслаева з 2000 года ёсць расейскае грамадзянства, а СБУ апублікавала запісы яго тэлефонных размоваў, якія, паводле інфармацыі спецслужбы, пацвярджаюць яго супрацоўніцтва з Расеяй.

Паводле версіі следства, Багуслаеў мог быць датычны да незаконных паставак кампаніяй тавараў вайсковага прызначэння для расейскай штурмавой авіяцыі.

«Матор Січ» - украінскае прадпрыемства, якое займаецца распрацоўкай і вытворчасцю, рамонтам і абслугоўваннем авіяцыйных газатурбінных рухавікоў для самалётаў.

83-гадовы Багуслаеў быў яго кіраўніком з 1988 года. У 2013-м пакінуў пасаду, бо стаў дэпутатам парламента, і перайшоў на пасаду ганаровага прэзідэнта. Але ў рэальнасці працягваў кантраляваць прадпрыемства.

Бізнэсовец - адзін з найбагацейшых людзей Украіны. Напрыклад, у 2018-м часопіс «Фокус» ставіў яго ў рэйтынгу на 21-е месца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках