28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада БНР узнагародзіла мэдалём ордэну «Пагоні» Паліну Шарэнда-Панасюк, Эдуарда Лобава і шэраг выбітных беларусаў

3
Рада БНР узнагародзіла мэдалём ордэну «Пагоні» Паліну Шарэнда-Панасюк, Эдуарда Лобава і шэраг выбітных беларусаў

Івонка Сурвіла падпісала дэкрэт да Дня Волі.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціла пра ўзнагароджаньне Мэдалём Ордэну «Пагоні» шэрагу беларусаў.

«Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны», — заявіла Івонка Сурвіла.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціла пра ўзнагароджаньні Мэдалём Ордэну «Пагоні» 11 цяперашніх і былых палітычных вязьняў, 5 беларускіх байцоў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне, а таксама айцішніка Андрэя Зэльцара, які загінуў у 2021 годзе пры перастрэлцы ў сваёй кватэры, куды ўварваліся сілавікі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні наступных асобаў.

Палітычныя вязьні:

Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова — журналісткі тэлеканалу «Белсат», асуджаныя за стрым з пратэстаў 2020 году. Дарʼя Чульцова — адзіная сярод узнагароджаных палітвязьняў, хто цяпер знаходзіцца на волі.

Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Гундар — асуджаныя за «тэрарызм» (Аўтуховіч — на 25 гадоў зьняволеньня, інвалід Гундар — на 18 гадоў).

Дзяніс Івашын — журналіст-рассьледвальнік.

Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч — супрацоўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна», паплечнікі праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Ігар Лосік — блогер, супрацоўнік «Радыё Свабода».

Дарʼя Лосік — ягоная жонка, якая самаахвярна змагалася за ягонае вызваленьне, пакуль сама не апынулася за кратамі за інтэрвію пра мужа тэлеканалу «Белсат».

Эдуард Пальчыс — блогер, адзін з арганізатараў сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР у 2018 годзе.

Паліна Шарэнда-Панасюк — актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», асуджаная за супраціў падчас незаконнага ператрусу ў яе хаце.

Пасьмяротна ўзнагароджаныя:

Аляксей Аўдзеенка — у мінулым баец тактычнай групы «Беларусь», загінуў у сьнежні 2022 году на Бахмуцкім кірунку

Эдуард Лобаў — былы сустаршыня «Маладога фронту» і палітычны вязень, зь лета 2015 году баец Тактычнай групы «Беларусь», пазьней служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Загінуў у баі пад Вугледарам у студзені 2023 году.

Алег Панамароў — баец украінскага батальёну «Айдар», загінуў у Данецкай вобласьці ў ліпені 2022 году.

Міхась Шавельскі — парамэдык беларускага батальёну «Тэрор», загінуў, ратуючы іншага байца, у кастрычніку 2022 году.

Андрэй Зэльцэр — праграміст, які загінуў, аказваючы збройны супраціў групе апэратыўнікаў КДБ падчас ператрусу ў ягонай кватэры ў Менску ў верасьні 2021 году.

«Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны, — камэнтуе ўзнагароджаньні старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. — Перадусім гэта героі, якія ахвяравалі сваім жыцьцём у збройнай барацьбе супраць ворагаў свабоды і незалежнасьці Беларусі. Іхныя імёны ўвойдуць у гісторыю нашага народу, і ўсе мы павінны працягнуць іхную барацьбу.

Таксама гэтым разам Рада БНР адзначае і некалькі нашых суродзічаў, хто паказаў і працягвае паказваць сваю непахіснасьць перад чужынскім дыктатарскім рэжымам, сваю чалавечую і грамадзянскую годнасьць у турме. Амаль усе гэтыя людзі дагэтуль незаконна ўтрымліваюцца ў палоне за сваю актыўную грамадзкую або журналісцкую дзейнасьць. Мы як найхутчэй чакаем іх на свабодзе і патрабуем неадкладнага вызваленьня іх і ўсіх беларускіх палітычных вязьняў, каго налічваецца больш як паўтары тысячы».

Мэдаль Ордэну «Пагоні» быў заснаваны ў 2022 годзе для адзначэньня грамадзянскіх, ваенных, культурніцкіх і іншых заслугаў перад Беларусьсю. Першае ўзнагароджаньне адбылося ў лістападзе 2022 году. Тады мэдаль атрымалі беларускія добраахвотнікі, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама пратэстоўцы, якія загінулі ў Беларусі падчас падзеяў 2020-2021 гг.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках