29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Робіць выгляд, што ён вялікі бізнэсмэн, а жыве ў нашай кватэры бясплатна»

20
«Робіць выгляд, што ён вялікі бізнэсмэн, а жыве ў нашай кватэры бясплатна»

Як мянчанка здала кватэру, але засталася без грошай і з запазычанасцю за камуналку.

Падаецца, што здаць добрую кватэру ў Менску значна прасцей, чым зняць. Даў аб'яву, абраў прыстойнага арандатара і сядзі, «стрыжы купоны». Але часам добрасумленныя гаспадары кватэраў замест прыемнага пасіўнага прыбытку атрымліваюць толькі праблемы. Гісторыю, як здаваць кватэру, а фактычна застацца без грошай і з запазычанасцю ў камуналцы, Realt.by расказала мянчанка Юлія.

Юлія з мужам не першы год здаюць добрую двухпакаёвую кватэру на вуліцы Сурганава ў Менску. Дом, у якім знаходзіцца жыллё, – падвышанай камфортнасці: з кансьержам, чыстым пад'ездам і падземным паркінгам. Кватаранты ў кватэру таксама звычайна падбіраюцца адпаведныя.

– У траўні летась мы далі аб'яву аб здачы кватэры, і на яе адгукнуўся ветлівы мужчына – бізнэсмэн Давід Ч. (Realt.by не паказвае ПІБ гэтага чалавека, але ў рэдакцыі ёсць копіі дамоваў, якія паказаў уласнік). Кватэра яму спадабалася, ён глядзеў яе з дзяўчынай, якую назваў будучай жонкай. Мы абгаварылі ўсе нюансы, склалі дамову і перадалі яму ключы.

Праблемы з новым кватарантам пачаліся практычна адразу.

– Пачынаючы з другога месяца ён ніколі не аплачваў арэнду ў тэрмін. Заўсёды затрымліваў з нейкіх «не залежных» ад яго прычынаў. То на паўмесяца, то на месяц. Атрымлівалася, што я ўвесь час была з ім на сувязі, пісала, тэлефанавала, нагадвала. Ад Давіда ж кожны раз былі нейкія адгаворкі і «абяцанкі». Ён па-майстэрску адтэрміноваў час, але потым усё ж аддаваў завінавачанае.

У жніўні кватарант зноў перастаў плаціць, і жанчына ўжо была гатовая яго выселіць. Аднак нечакана Давід прынёс Юліі ўсе грошы плюс агавораныя ў дамове штрафныя санкцыі і нават аванс за будучы месяц.

– Я тады падумала, што чалавек выправіўся. Падумала, што, магчыма, у яго сапраўды былі аб'ектыўныя прычыны для затрымкі аплаты. У выніку мы заключылі новую дамову на арэнду з верасня да студзеня. Цікава, што пасля гэтага мне патэлефанавала ягоная былая дзяўчына. Яна сказала, што яны рассталіся, і параіла не мець з Давідам ніякіх справаў. Цяпер шкадую, што не прыслухалася да яе словаў.

У кастрычніку аванс скончыўся, а з лістапада 2022 г. кватарант зноў перастаў плаціць. Як за арэнду, так і за камуналку. Агулам мужчына не плаціў блізу пяці месяцаў. Пры гэтым, натуральна, прадаўжаючы ўвесь гэты час жыць у арандаванай двухпакаёвай кватэры.

– Ён карыстаўся нашай кватэрай як ні ў чым не бывала. Хваляваліся толькі мы. Я ўжо і проста па-добраму прасіла, і пісала яму афіцыйныя лісты, усё бескарысна. У студзені скончылася дамова арэнды, а Давід так і не заплаціў і не вызваліў жылплошчу.

Юлія паказвае нам «кіламетры» перапісак у мэсэнджэры. Дзіўна, але цягам некалькіх месяцаў мужчына знаходзіў усё новыя і новыя прычыны для адтэрміноўкі плацяжоў. То «АМАП прыйшоў на мерапрыемства», то «ўсё будзе на днях і з працэнтамі», то «гарачы снежань», то «вы лепш тэлефануйце». Варта адзначыць, што ў паведамленнях кватарант ветлівы і тактоўны: «прашу прабачэння, што падводжу», «пытанне хутка будзе развязанае», «у нас усё гуд, у панядзелак грошы будуць на рахунку».

– Ён увесь час абяцаў вось-вось уладзіць пытанне, прызначаў нейкія тэрміны, даваў 100%-ю гарантыю, але грошай так і не пералічваў.

З пачаткам вясны цярпенне Юліі скончылася. Так і не ўбачыўшы грошай за кватэру і камуналку, у якой ужо назапасілася неабыякая запазычанасць, жанчына ў нейкі момант надумала прабіць імя свайго кватаранта ў інтэрнэце.

– Я жахнулася. У інтэрнэце знайшоўся цэлы сайт, прысвечаны дзейнасці Давіда. На ім – негатыўныя водгукі на дзейнасць ягоных кампаній і дзясяткі пастановаў на пачатак выканальнай вытворчасці. Высвятляцца, мой жыхар і ягоныя шматлікія фірмы завінаваціліся сотням людзей. І чаму я раней гэтага не ўбачыла! Сумы, якія адлюстроўваюцца ў судовых пастановах, – розныя: ад некалькіх сотняў да дзясяткаў тысячаў рублёў. У пошуку можна знайсці і паведамленні ад уладальнікаў камерцыйнай нерухомасці, у якіх гэты чалавек арандаваў памяшканні, але не плаціў.

Пасля таго як Юлія зразумела, што яе ашукваюць, яны з мужам надумалі дзейнічаць больш жорстка. На гэтым тыдні сужэнцы прыйшлі ў кватэру на Сурганава і памянялі там замкі. Усё гэта было зроблена ў прысутнасці кансьержа і суседзяў. Каб потым не было ніякіх пытанняў, увесь працэс здымаўся на відэа. Цікава, што сам кватарант спачатку прысутнічаў у кватэры, а потым ціхенька сышоў паводле справаў.

– Я зразумела, што мяне разводзяць. Давід робіць выгляд, што ён вялікі бізнэсовец, адчыняе рэстараны, праводзіць карпаратывы, і грошай у яго шалёна шмат. Але ў выніку ён проста жыве ў нашай кватэры задарма. Дарэчы, кансьерж кажа, што ў пад'езд увесь час прыязджаюць нейкія людзі, якім Давід нешта вінен. Шукаюць яго, пытаюцца, дзе ён знаходзіцца.

Пры гэтым падаваць на кватаранта ў суд Юлія наўрад ці будзе.

– Беручы да ўвагі тое, колькім людзям ён павінен, я толькі змарную час, грошы і нервы. Так, праўда на маім баку, але што з таго, што я буду 122-й у спісе гэтага махляра.

На сёння ў здымнай кватэры застаюцца рэчы Давіда: гарнітуры і калекцыя запанак. На паведамленне аб спыненні карыстання жыллём у сувязі з неаплатай і заканчэннем дамовы арэнды Давід адрэагаваў як звычайна: «Я на сустрэчы, я ператэлефаную».

Паколькі неплацельнік цяпер, хутчэй за ўсё, шукае новую кватэру ў Менску, Юлія хоча перасцерагчы арэндадаўцаў ад супрацоўніцтва з кватарантам Давідам.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках