28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На дзяржаўнай тэлевізіі расказалі новыя падрабязнасці пра «замежніка», які страляў па КДБ у Гародні

80
На дзяржаўнай тэлевізіі расказалі новыя падрабязнасці пра «замежніка», які страляў па КДБ у Гародні

Гісторыя становіцца ўсё больш «дэтэктыўнай».

У выніку штурму супрацоўнікамі КДБ кватэры ў Гародні 19 сакавіка загінуў замежнік, які, паводле звестак беларускіх прапагандыстаў, быў нібыта «закінуты ў Беларусь з тэрыторыі Польшчы для ўчынення тэрарыстычных актаў». Увечары 21 сакавіка ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў расказалі падрабязнасці здарэння.

Асоба загінулага дагэтуль не высветленая. Ні ў беларускай, ні ў расейскай базах звестак ягоных адбіткаў не знайшлі. Як паведамлялася даўней, у кватэры быў знойдзены падроблены расейскі пашпарт на імя Аляксея Ламакіна.

Паводле звестак дзяржаўных мэдый у Беларусь Ламакіна нібыта «закінулі з Польшчы». З 24 да 28 лютага ён жыў у Магілёве, а 1 сакавіка накіраваўся ў Менск. Са сталіцы ён адразу ж перабраўся ў Горадню, дзе жыў у здымнай кватэры на вуліцы Курчатава, паведамілі ў эфіры АНТ.

«Грым, дэкаратыўцыйныя акуляры, адзенне, якое змяняе прапорцыі цела - замежнік пераўвасабляўся, але вельмі няўмела. Ненатуральныя нос і лоб, парык, які ён папраўляў. На ўбранага касавурыліся нават таксісты, якія, у тым ліку, дастаўлялі яму алкаголь», — паведаміў ОНТ.

Кіроўца таксі Павел Шастак, які падвозіў Ламакіна да дома ў Гародні, у інтэрв'ю ОНТ адзначыў дзіўную фрызуру свайго пасажыра.

- Яна выглядала ненатуральна, як быццам вельмі лакам залітая. Калі я прыехаў у першы дзень, ён мне затэлефанаваў, прапанаваў выпіць, я адмовіўся, ён спытаў, ці маю я знаёмых, якія могуць з ім выпіць і мала балбочуць, – сказаў Шастак.

Паводле звестак дзяржаўных мэдый, у Гародні Ламакін "сачыў за будынкамі КДБ, міліцыі, за вялікімі прадпрыемствамі, чыгуначным вакзалам і нават дамамі кіраўнікоў узброенага блока і чыноўнікаў".

«Выбуховае прыстасаванне злачынец меў сабраць у Беларусі. 15 сакавіка купіў бяздротавы дзвярны званок далёкасцю дзеяння 100 мэтраў. Яшчэ адзін - электрычны - узяў з 5-мэтровым дротам у будаўнічай краме. Для дыстанцыйнага выбуху. На металапракаце купіў кавалкамі 12 мэтраў арматуры. Пашкоджвальныя элементы - разлік на максімальную колькасць ахвяр. І ключавое - выбухоўка, баявыя прыпасы, зброя - чакалі ў сховах», - паведамілі ў эфіры ОНТ.

18 сакавіка Аляксей Ламакін нібыта накіраваўся ў бок адной са схованак са зброяй на 38-м км трасы Гародня — Вострына. Там, паводле інфармацыі дзяржаўных мэдый, была схаваная торба з аўтаматам Калашнікава, патронамі да яго і баявымі гранатамі. Забраўшы зброю, Аляксей Ламакін нібы накіраваўся назад на здымную кватэру.

19 сакавіка ў ягоныя дзверы пагрукалі байцы групы «А» КДБ. Далей ОНТ апісаў храналогію здарэння:

«Уваход у кватэру тэрарыст (адзначым, што пакуль віна меркаванага Ламакіна не даведзеная, але менавіта «тэрарыстам» яго называюць дзяржаўныя мэдыі - рэдакцыя) забарыкадаваў, каб група «А» не змагла хутка зайсці - з разліку, што байцы будуць трапляць у прыцэл па адным. У дзвярным прахоне ў пакоі справа абсталяваў агнявы пункт, схаваўшыся за мэбляй. Два стрэлы з аўтамата міма. Два - у шчыт. Камера злятае на падлогу. Байцы адыходзяць на бяспечную адлегласць. Да ўзброенага супраціўлення былі гатовыя.

Байцы зазіраюць у кватэру з дапамогай тэлескапічнай камеры. За мэбляй у праходзе нічога не відаць. Тэрарыст хаваўся і рыхтаваўся сустракаць агнём. Другі заход.

Два адзіночныя стрэлы, чарга і ручная граната наўздагон. Байцы вокамгненна рэагуюць і хаваюцца за шчыт. Аглушальны выбух. Усе цэлыя. Адыход. З адваротнага боку дома байцы пільнавалі вокны, дык вось, гэтыя самыя вокны вынесла выбухам.

Агонь у адказ. Траплянне. Тэрарыст паранены. Наданне першай дапамогі. Эвакуацыя. Злачынцу паспрабавалі выратаваць. Хутка выносяць з дому і ладуюць у аўтамабіль. Але па дарозе ў лякарню стрэлак сканаў».

Як сцвярджае СТВ, раней Ламакін зарэзэрваваў жыллё ў Гомелі на тэрмін з 21 да 23 сакавіка, нібыта адтуль ён планаваў уцякаць ва Украіну.

Паводле факту падрыхтоўкі да «ўчынення акта тэрарызму» КДБ распачаў крымінальную справу. У рамках следства ўжо дапытаны 14 чалавек, якія пры розных абставінах размаўлялі з Ламакіным. Пяць чалавек змешчаныя ў следчы ізалятар. Сярод іх уласніца кватэры, якую наймаў Ламакін — пенсіянерка Алена Касцевіч, а таксама ейны сын Аляксандр, які займаўся пытаннямі арэнды. Паводле звестак ОНТ, Ламакін звязваўся з Аляксандрам у мэсэнджэры з расейскага нумара. Кватэру ён зняў на пару тыдняў. Аляксандр Касцевіч расказаў, што прыходзіў да арандатара дапамагчы разабрацца з пральнай машынай.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках