25 красавiка 2024, Чацвер, 16:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ распавялі, як у Крамлі ўспрынялі ордэр МУС на арышт Пуціна

7
СМІ распавялі, як у Крамлі ўспрынялі ордэр МУС на арышт Пуціна

Расейскія ўлады выявіліся не гатовымі да гэтай сітуацыі.

Пастанова Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордэр на арышт расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна была ўспрынятая Крамлём як «самы нечаканы крок» Захаду, паведамляе «Медуза» са спасылкай на крыніцы, блізкія да адміністрацыі Пуціна.

Двое суразмоўцаў выдання заявілі, што расейскія ўлады выявіліся не гатовымі да гэтай сітуацыі.

Паводле інфармацыі выдання, Крэмль у 2023 годзе планаваў прасоўваць вобраз Пуціна як «змагара з Захадам», «абаронцы краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі ад каланіяльнага прыгнёту» і «аднаго з галоўных лідараў шматпалярнага свету».

Суразмоўцы СМІ заявілі, што для гэтага неабходныя замежныя паездкі, у якіх Пуцін цяпер абмежаваны праз пастанову МКС.

Тэарэтычна, дыктатара могуць затрымаць па гаажскім ордэры ў 123 краінах. Крыніцы, блізкія да АП, падкрэслілі, што пакуль у Крамлі не зусім разумеюць, як можна «гарантаваць бяспеку» Пуціна ў новых умовах.

«Нават СНД перастае быць бяспечнай прасторай [для Пуціна]», — канстатавала адна з крыніц (сярод краін, якія ратыфікавалі Рымскі статут МКС, ёсць, напрыклад, Таджыкістан).

Суразмоўца дадаў, што ў Крамлі сумняваюцца, што нехта з краін, якія раней уваходзілі ў склад СССР, можа наважыцца на арышт Пуціна, але «дзясятыя, сотыя долі адсотка [імавернасці гэтага] заўсёды ёсць».

Само затрыманне Пуціна крыніцы выдання ўважаюць за «немагчымае» — менавіта таму, што дыктатар проста не паедзе ў краіну, дзе ёсць хаця б мінімальная рызыка быць арыштаваным.

Суразмоўцы выдання адзначылі, што, нягледзячы на вайну Расеі супраць Украіны Пуцін адносна рэгулярна здзяйсняў замежныя паездкі і ўдзельнічаў у форумах і самітах. Напрыклад, летам 2022-га ён наведаў Таджыкістан, Туркменістан і Іран, а ўвосень — Узбекістан, Казахстан і Арменію (пры гэтым пасля 24 лютага Пуцін ні разу не выязджаў у краіны Захаду).

Паводле ацэнкі двух суразмоўцаў, блізкіх да АП, такія паездкі былі вельмі важныя, у тым ліку для ўнутрырасейскай прапаганды, якая, абапіраючыся на навіны аб гэтых візітах, магла расказаць, што «ў Расеі сяброў усё адно больш, чым нядобразычліўцаў» і краіна застаецца адным са слупоў шматпалярнага свету».

«Абмежаванні замежных візітаў будуць працаваць у супрацьлеглы бок. Да ордэра выезды [Пуціна] спалучаліся з паездкамі лідараў замежных краін у Маскву. Цяпер падтрымаць такую ж частату сустрэч не атрымаецца - нельга увесь час запрашаць усіх да сябе», - сказала адна з крыніц.

Выданне піша, што цяжкасці з замежнымі візітамі ўжо пачаліся: у жніўні 2023 года ў ПАР павінен прайсці чарговы саміт краін БРІКС; улады гэтай краіны 20 сакавіка заявілі, што «прынялі да ведама» ордэр МУС.

Адначасова з Пуціным МУС выдаў ордэр на арышт дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай - ключавой фігуры ў сістэме гвалтоўнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Расею.

Крыніцы выдання, блізкія да Крамля, адзначаюць: цяпер у АП мяркуюць, што спіс чыноўнікаў, на якіх будуць выдадзеныя ордэры ў Гаазе, можа пашырыцца - напрыклад, у яго могуць увайсці губернатары рэгіёнаў, дзе прымаюць дзяцей з акупаваных ўкраінскіх тэрыторый.

Аднак, паводле ацэнкі Крамля, гэта ніяк не паўплывае на іх жыццё.

«Па факце дзяржслужбоўцы і так, можна сказаць, не выязджаюць за мяжу [падчас вайны]», - сказала адна з крыніц.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках